Лукашэнкаўскія ўлады хочуць выдаваць «экстрэмісцкую» літаратуру ў бібліятэках пасля атрымання адмысловага дазволу. Пра сітуацыю паведаміў прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь 1».

У тэлесюжэце прызналі, што ўсе “экстрэмісцкія” кнігі складана знішчыць, да таго ж спецыялістам яны часам патрэбны для напісання навуковых прац ці расследаванняў. У Нацыянальнай бібліятэцы такія кнігі захоўваюцца ў спецыяльным сховішчы, але ў законе не прапісана, у якіх выпадках можна выдаваць іх чытачам. У Нацбібліятэцы спадзяюцца, што парадак выдачы будзе вызначаны заканадаўча.

“Мы працуем над гэтым пытаннем. І будзем спадзявацца, што бліжэйшым часам гэты заканадаўчы прабел будзе ўдакладнены. Тэарэтычна абмежаванаму колу карыстальнікаў пры спецыяльным дазволе можна будзе гэтымі дакументамі скарыстацца», – заявіў Віктар Пшыбытка, намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

Тым часам пракуратура працягвае сачыць, каб прызнаная экстрэмісцкая літаратура не прадавалася ў крамах і ў інтэрнэце. Найперш пракурораў цікавяць гістарычныя кнігі.

«Цікавiць увогуле ўся літаратура. Але, вядома, першачарговую ўвагу надаем гістарычнай літаратуры, таму што зараз такія тэмы вострыя i значныя. Гэта рэабілітацыя нацызму, які часам сустракаецца ў друкаванай прадукцыі. Таму менавіта на дадзеную літаратуру мы звяртаем увагу», – заявіла Марына Запрудская, начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці.

У тэлесюжэце таксама патлумачылі, чаму “экстрэмісцкія” кнігі друкаваліся ў Беларусі.

«Гэтая сітуацыя не ўзнікла зараз. Яна ўзнікла ў 2013-м, 2014-м, у 2017 годзе. Нейкія кніжкі друкаваліся, якія да падзеяў 2020 года выглядалі нейкімі спрэчнымі. Але ў прынцыпе яны не неслі нейкі характар, не ўзгоднены з агульнай лініяй руху. Пасля 2020 года па гэтых кніжках узніклі пытанні», – заявіў намеснік дырэктара аднаго з выдавецтваў.

У беларускіх сацыяльных сетках гэтае рашэнне рэжыму у Мінску пракаментавалі тым, што цяперашняя ўлада, пэўна, ня ведае пра існаванне Інтэрнэту і магчымасці набыць электронную версію любой кнігі.

Крыніца: reform.by/east24.info

Fot. Wikimedia Commons

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)