Кіраўнік прэзiдэнцкай адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка заявіў, што выкарыстанне лацінскага алфавiта ў беларускіх тапонімах навязвае «заходнія лібэральныя каштоўнасці і культурныя традыцыі». Пра гэта ён заявіў падчас Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржаўная палітыка ў галіне гісторыі: праблемы і перспектывы захавання праўды і гістарычнай памяці», паведамляе праўладнае агенцтва БелТА.
Па словах Сяргеенкі, у найменнях вуліц і іншых тапаграфічных аб’ектаў будуць выкарыстоўвацца толькі дзяржаўныя мовы, а ад лацінкі адмовяцца.
«Гэтую працу плануецца завяршыць да канца года. Адпаведныя мерапрыемствы праводзяцца. Гэтае пытанне ўздымалі многія неабыякавыя грамадзяне, якія ў лацінізацыі беларускай мовы ўбачылі навязванне заходніх ліберальных каштоўнасцей і культурных традыцый», – заявіў Сяргеенка.
Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі расказаў аб рэалізацыі гістарычнай палітыкі ў сферы адукацыі. Паводле яго слоў, унесены змены ў канцэпцыю выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у ВНУ, вызначаны прыярытэтныя тэмы навуковых даследаванняў, курсавых, дыпломных работ, у школах перагледжана і перапрацавана частка падручнікаў.
Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ідэалагічнай падрыхтоўцы выкладчыкаў.
“Таму неабходна сур’ёзную ўвагу ўдзяліць умацаванню кадравага патэнцыялу выкладчыкаў сацыяльна-гуманітарнага профілю ва ўсіх установах адукацыі, іх падрыхтоўцы ў ВНУ і ідэйнай загартоўцы”, – адзначыў Сяргеенка.
Нагадаем, пытанне аб адмове ад лацінкі ў назвах гарадоў і вуліц узнялі ў снежні 2022 года ў сувязі са «зваротамі грамадзян». За адмену лацінкі выступала, у прыватнасці, адыёзная прарасійская актывістка Вольга Бондарава.
Крыніца: reform.by