Палітвязняў нельга выпускаць з Беларусі нават пасля выхаду з турмы, кажуць лукашэнкаўскія прапагандысты. Пра ідэю ўвядзення нагляду за былымі палітвязнямі агучыў праўладны эксперт Аляксей Дзермант у перадачы прапагандыста Рыгора Азаронка.
Дзермант заявіў, што тым беларусам, якія падчас зняволення “ўсвядомілі памылковасць сваіх дзеянняў”, трэба даць магчымасць “улівацца ў наш соцыум, у наша грамадства”.
А вось да апазіцыйных лідараў ён прапанаваў іншы падыход: “А чаму б сапраўды заканадаўча не прадугледзець нейкае абмежаванне на выезд гэтым людзям. Няхай ён жыве тут і справай дакажа, што ён рэальна выправіўся”.
Дзермант асцерагаецца, што пасля вызвалення лідары пратэсту могуць выехаць за мяжу, дзе становяцца больш небяспечныя для рэжыму: “А то так атрымліваецца, што яны ўсе маюць магчымасць спакойна выехаць. Там будуць збірацца і будуць працягваць гадзіць. Прычым, я ўпэўнены, на больш небяспечным узроўні”.
Прапагандыст прапанаваў уводзіць дадатковы нагляд за тымі, каго судзілі, напрыклад, па асабліва цяжкіх артыкулах.
Крыніца: euroradio
Fot. pixabay