У сувязі з ростам пагрозы нелегальнай міграцыі новы ўрад Латвіі абавязаўся завяршыць будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю да канца года. Для паскарэння будаўніцтва спатрэбіцца дадаткова 3 мільёны еўра.
Кіраўнік Памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс настойвае на тым, што Рыга павінна як мага хутчэй завяршыць будаўніцтва агароджы на сваёй паўднёвай мяжы.
«Плот, калі вялікая група, то, каб пралезці па адным, ім трэба дастаткова шмат часу, і, вядома, гэта дае нам магчымасць рэагаваць і парушальнікаў перахопліваць блізка да граніцы», — адзначыў ён.
Паводле звестак латвійскіх уладаў, за апошнія два тыдні колькасць спробаў перайсці граніцу краіны рэзка ўзрасла, тады як пагранічны плот быў пашкоджаны ў 57 месцах. Таксама зафіксаваны выпадак выкарыстання імправізаванай лесвіцы.
Раней паведамлялася, што Эстонія адправіць у Латвію прадстаўнікоў Дэпартамента паліцыі і пагранічнай аховы для супрацьдзеяння нелегалам, якія спрабуюць трапіць у краіну праз мяжу з Беларуссю. Перад гэтым стала вядома, што ў Латвію ўжо прыбылі 20 літоўскіх пагранічнікаў.
Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем колькасці спробаў нелегальнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы Латвія можа закрыць адзін з пунктаў пропуску.
Крыніца: nashaniva.com
Fot. Pixabay