У Торуне прайшоў чарговы Iнтэграцыйна-развіццёвы Форум польскай моладзі з Усходу. Мерапрыемства сабрала маладых палякаў з такіх краін, як Беларусь, Літва, Украіна і Азербайджан. Сустрэча стала выдатнай магчымасцю развіць свае захапленні і атрымаць унікальныя веды ў розных галінах, а таксама прасторай для наладжвання сяброўства паміж суайчыннікамі.
На працягу трох дзён удзельнікі маглі паслухаць надзвычай цікавыя лекцыі і паглядзець дакументальны фільм пад назвай «Забароненая нацыянальнасць», які распавядае пра маладых польскіх актывістаў з Беларусі, вымушаных эміграваць з краіны з-за антыпольскай кампаніі. Акрамя ўдзелу ў форуме моладзь таксама мела магчымасць наведаць горад.
З лекцыямі выступілі прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і дзяржаўных устаноў. Старшыня Таварыства “Рацыя” Давід Блашкевіч прачытаў лекцыю на тэму: «Уплыў пераходу на еўра на эканоміку краін-членаў Еўрапейскага саюза». Наступным дакладчыкам стаў актывіст Фонду „Маладыя Крэсы”, віцэ-старшыня Таварыства «Рацыя» Альгерд Дабравольскі, які прадставіў дзве тэмы: «Пратэсты ў Казахстане зімой 2022 года» і «Гісторыя паліцыі ў Другой Польскай Рэспубліцы і міліцыі ў Польскай Народнай Рэспубліцы». Былы рэдактар папулярнага тэлеграм-канала «Nexta» Ян Рудзік распавёў пра метады барацьбы з прапагандай расiйскіх і беларускіх СМІ. У апошні дзень форуму загадчык Дэпартамента канстытуцыйнага права і адукацыі Міхал Влодарчык правёў семінар пра важнасць нэтворкінга ў развіцці асобы. Завяршыўся форум дыскусійнай панэллю, падчас якой абмяркоўваліся перспектывы праекта «Мiжмор’е».
Iнтэграцыйна-развіццёвы Форум польскай моладзі з Усходу – гэта праект, які ўжо другі год арганізуе фонд „Маладыя Крэсы”. Ідэя гэтага мерапрыемства палягае ў тым, каб даць актыўным палякам з краін былога СССР прастору для абмену досведам, наладжвання кантактаў і абмеркавання важных для крэсовай моладзі тэм.