У панядзелак 18 верасня ў Сейме прайшоў Форум польска-беларускага супрацоўніцтва. Падчас сустрэчы ўдзельнікі, сярод іншага, абмеркавалі актуальнае становішча польскай меншасці ў Беларусі і пытанні бяспекі Польшчы.
На форуме сабраліся маладыя польскія актывісты, звязаныя з фундацыяй «Маладыя Крэсы», і сябры беларускай студэнцкай арганізацыі «Ліхтар» з Познані.
Сустрэча была арганізавана па ініцыятыве фундацыі «Маладыя Крэсы» і пры падтрымцы дэпутата польскага сейма Паўла Лісецкага.
У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі пад назвай «Палітыка беларускіх уладаў у дачыненні да польскай меншасці ў 1994-2022 гадах» старшынi фундацыі «Маладыя Крэсы» Міраслава Капцэвіча. Аўтар падрабязна распавёў пра рэпрэсіі лукашэнкаўскага рэжыму супраць польскай меншасці ў Беларусі і сярод іншага згадаў: пра пераслед польскіх дзеячоў, ліквідацыю польскіх школ, закрыццё касцёлаў, знішчэнне месцаў нацыянальнай памяці. Затым з лекцыяй пад назвай «Бяспека Польшчы з перспектывы грамадзяніна Беларусі» выступіў лідар беларускай апазiцыйнай арганізацыі «Рух» і сябра Каардынацыйнай рады Беларусі Ян Рудзік. Малады палітык падзяліўся дадзенымі пра пагрозы з боку беларускага рэжыму: магчымыя правакацыі з удзелам нелегалаў і «вагнераўцаў». Рудзік таксама прапанаваў польскай дзяржаве дапамогу ў праверцы беларусаў праз базу дадзеных «кіберпартызанаў», каб не дапусціць у Польшчу правакатараў. Напрыканцы ўдзельнікі маглі задаць пытанні прамоўцам.
Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікі форуму мелі магчымасць наведаць гістарычныя залы Сейма РП, якія з’яўляюцца сведкамі важных для Польшчы рашэнняў.