Эксперты ААН выступілі з заявай з нагоды ўказу Лукашэнкі, які забараняе беларусам абменьваць пашпарты праз беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы.
У заяве адзначаецца, што гэты дэкрэт з’яўляецца часткай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мiнску па пакаранні беларускіх эмігрантаў.
«Указ асабліва закране тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у тым ліку мірных пратэстуючых. Яны ня могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Фактычна, дадзены ўказ з’яўляецца неправамерным выкарыстаннем мер бяспекі і часткай мэтанакіраванай палітыкі па пакаранні беларусаў у выгнанні, у тым ліку праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі, за іх меркаваную палітычную нелаяльнасць», – гаворыцца ў заяве.
Эксперты ААН адзначаюць, што ўказ дыскрымінуе грамадзян Беларусi, якія жывуць за мяжой, і абмяжоўвае іх правы, у тым ліку права на рэгістрацыю нараджэння і прадастаўленне грамадзянства дзецям, якія нарадзіліся за мяжой.
Яны заклікаюць беларускія ўлады адклікаць указ і надалей аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года.
Эксперты ААН указваюць, што ў выпадку вяртання ў Беларусь беларусы могуць падвергнуцца пераследам. Таксама яны заклікаюць дзяржавы – сябры ААН не дэпартаваць беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта.
Падпісанты заклікаюць краіны – сябры ААН садзейнічаць у выдачы альтэрнатыўных праязных дакументаў для беларусаў, якія не могуць бяспечна вярнуцца дадому.
Крыніца: ohchr.org
Fot. Pixabay