Распрацаваны праект канцэпцыі кампeнсацыі пацярпелым ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Над праектам працаваў Офіс Святланы Ціханоўскай разам з юрыстамі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый.
Адзначаецца, што мэта канцэпцыі — “аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас кіравання Лукашэнкі з 20 ліпеня 1994 года”, а пакрыццё ўрону — “гэта найперш аднаўленне ў юрыдычных, грамадзянскіх, палітычных, працоўных і інш. правах тых, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму”. Яшчэ адна мэта – забеспячэнне “непаўтарэння грубых і масавых парушэнняў правоў чалавека” ў Беларусі.
Распрацаваны дакумент “фіксуе асноўныя падыходы да аднаўлення справядлівасці адносна пацярпелых”. Таксама “прадугледжаны механізм вызвалення тых, хто знаходзіцца ў месцах зняволення, калі на момант транзіту ўлады яны ўсё яшчэ будуць там знаходзіцца”. У той перыяд “новая дэмакратычна абраная ўлада зможа прыняць неабходныя законы і запусціць працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных асоб”.
Мяркуецца, што ў Беларусі з вясны 2020-га “праз затрыманні прайшлі каля 50 тысяч чалавек”. За той жа перыяд па палітычна матываваных справах было асуджана 3400 чалавек. Аўтары канцэпцыі лічаць, што “краіну пакінулі дзясяткі тысяч грамадзян”. Але ёсць меркаванні, што іх можа быць значна больш.
Офіс Ціханоўскай чакае прапановы наконт канцэпцыі аб кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным.
Крыніца: euroradio
Fot. Pixabay