22-24 верасня ў Варшаве прайшоў чарговы Сусветны форум паланійных медыяў. Мерапрыемства ў Канцылярыі Прэм’ер-міністра ўрачыста адкрыў урадавы ўпаўнаважаны па справах польскай дыяспары і палякаў за мяжой Ян Дзедзічак. Адным з удзельнікаў форуму быў галоўны рэдактар ​​партала «Віртуальная Беларусь 24» Уладзіслаў Барадын.

Сёлета даты Сусветнага форуму паланійных медыяў і Кангрэсу Федэрацыі польскіх медыяў на Усходзе супалі, адсюль і ўзнікла ідэя склікаць сумесную сустрэчу. У мерапрыемстве прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў польскіх журналістаў амаль з усіх кантынентаў свету.

Ва ўступным слове міністр Дзедзічак адзначыў важную ролю польскіх СМІ ў стварэнні добрага іміджу Польшчы і палякаў у краінах іх пражывання.

«Вельмі важная роля — рэагаваць на атакі на Польшчу, але перш за ўсё добра пісаць пра Польшчу, хваліцца нашай гісторыяй і нашымі поспехамі так, каб гэта было зразумела замежным чытачам, але таксама казаць пра тое, што адбылося ў апошні час, напрыклад, гэтая беспрэцэдэнтная ў сусветным маштабе дапамога з боку Польшчы і палякаў для бежанцаў — сапраўдных бежанцаў — гэта значыць бежанцаў з Украіны», — сказаў Ян Дзедзічак.

Падчас інаўгурацыі, з нагоды 10-годздзя стварэння Федэрацыі польскіх СМІ на Усходзе, кіраўнік гэтай арганізацыі Раймунд Кляноўскі атрымаў з рук міністра Дзедзічака Ганаровую адзнаку за заслугі перад палоніяй і палякамі замежжа.

«У Беларусі палякаў саджаюць у турмы толькі за тое, што яны палякі, толькі за тое, што яны журналісты, іх трымаюць у ізалятарах, іх пераследуюць. Палякі, у тым ліку польскія журналісты ва Украіне, проста фізічна гінуць у вайне, якую зноў распачала імперыялістычная Расія. Тое, што аб’ядноўвае нашыя 43 рэдакцыі з дзевяці краінаў, — гэта ўнікальны досвед, якога мы нікому не пажадаем, расійская акупацыя», — сказаў у сваім выступе Раймунд Кляноўскі.

Затым адбылося ўручэнне статуэткі «Слова Палоніі», якую прызнае выбітным журналістам Сусветная асацыяцыя паланійных медыяў. Сёлета статуэтку атрымала Ёанна Майкснер-Піньска за выданне штомесячнага культурна-асветніцкага часопіса «Двукропэк» у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Старшыня асацыяцыі Тэрэса Сыгнарэк нагадала пра зняволенага ў нечалавечых умовах польскага журналіста Анджэя Пачобута. Два гады таму асацыяцыя ўзнагародзіла яго статуэткай у намінацыі «За свабоду слова».

«Як вы добра ведаеце, гэтая статуэтка стаіць і чакае яго. Мы напісалі шмат зваротаў, пратэстаў і лістоў адносна Анджэя Пачобута. На дадзены момант ягонае становішча трагічнае, таму што як Лукашэнку не ўдалося зламаць яго духоўна і ідэалягічна, цяпер яго спрабуюць зламаць фізічна. Давайце і далей звяртацца да ўсяго свету», — сказала старшыня Сусветнай асацыяцыі паланійных медыяў.

На наступны дзень удзельнікі Форуму сустрэліся на факультэце журналістыкі, інфармацыі і кнігазнаўства Варшаўскага ўніверсітэта. Для чытання лекцый былі запрошаны выдатныя медыяспецыялісты. Акрамя лекцый, была і практычная частка, дзе ўдзельнікі Форуму мелі магчымасць папрактыкавацца ў мастацтве ўмелага выказвання і навучыцца выкарыстоўваць штучны інтэлект для стварэння журналісцкага кантэнту.

У апошні дзень форуму адбыліся дыскусійныя панэлі, падчас якіх форумчане абмяркоўвалі праблемы і выклікі, з якімі сёння сутыкаюцца польскія СМІ за мяжой. Журналісты размаўлялі пра становішча польскіх СМІ ў Беларусі і Украіне, пра развіццё супольнасці паланійных СМІ і ролю гэтых СМІ ў стварэнні прапольскага лобі ва ўсім свеце. Падчас сустрэчы было шмат тэм, звязаных з супрацоўніцтвам Сусветнай асацыяцыі паланійных медыяў з іншымі арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць польскіх і паланійных журналістаў, у тым ліку: з Федэрацыяй польскіх СМІ на Ўсходзе.

Фота: Jan Rzepka PoloniaToMy

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)