Прайшло 30 месяцаў з моманту затрымання беларускім рэжымам журналіста і дзеяча польскай меншасці Анджэя Пачобута. Каб нагадаць усім пра драматычнае становішча зняволенага земляка, ля помніка кс. Ежы Папялушкi ў Беластоку зноў сабралiся палякi з Польшчы і Беларусі, а таксама прадстаўнікi беларускай дыяспары.

«На жаль, сітуацыя застаецца нязменнай. Анджэй не атрымлівае лекаў для сэрца і знаходзіцца ў ізалятары», — паведаміў Польскаму радыё Беласток віцэ-старшыня Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

Ён таксама дадаў, што сваякам зноў сталі прыходзіць лісты ад Анджэя, а яго некалькі разоў наведваў адвакат, што ў гэтым плане сведчыць аб паляпшэнні сітуацыі.

Занеўскі падкрэсліў, што Анджэй Пачобут ведае пра штомесячныя акцыі ў Беластоку. «Ён папрасіў перадаць усім вам шчыры дзякуй за тое, што памятаеце пра яго, а таксама за памяць пра астатніх палітвязняў, якіх вельмі шмат», — сказаў намеснік старшыні Саюза палякаў.

Арганізатары імпрэзы нагадалі пра беларускага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які ўчора святкаваў у калоніі свой дзень народзінаў.

Прагучаў таксама заклік накіроўваць звароты ў міжнародныя і польскія інстытуцыі з просьбай паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

Такія акцыі ў Беластоку адбываюцца кожны месяц ля помніка кс. Ежы Папялушкі, побач з якім — стаіць шырокафарматны фотаздымак Пачобута. Акцыя таксама выказвае салідарнасць з іншымі палітвязнямі, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. Арганізатарамі акцыі з’яўляюцца Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел Таварыства «Wspólnota Polska».

Сёлета ў лютым Анджэй Пачобут быў прысуджаны да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «заклікі да санкцый» і «распальванне варожасці». Польскі актывіст адбывае пакаранне ў Наваполацку. Як паведаміла месяц таму яго жонка, Анджэя адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на 6 месяцаў.

Крыніца: wb24.org/radio.bialystok.pl/radiounet.fm/naszdziennik.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)