490 гадоў таму, 27 верасня 1533 года, у трансільванскім замку Сомлё нарадзіўся адзін з найвыдатнейшых польскіх каралёў Стэфан Баторый. Узгадваючы постаць вялікага манарха, нельга не прыгадаць пра яго моцныя сувязі з Гродна. Падчас яго праўлення горад быў узведзены ў ранг неафіцыйнай трэцяй сталіцы Рэчы Паспалітай. Жыў у гродзенскім замку, дзе прымаў паслоў, склікаў сеймы і сенат, выдаваў прававыя акты. Кароль таксама праводзіў шмат часу на паляванні ў навакольных лясах. Гродна стала месцам, якое яму асабліва спадабалася.

Стэфан Баторый. Партрэт, прыпісаны Марцiну Коберу

У сувязі з накіраванасцю знешняй палітыкі на ўсход Баторый імкнуўся развіваць інфраструктуру дзяржаўнага кіравання ў межах Вялікага княства Літоўскага, планаваў перанесці сталіцу Рэчы Паспалітай у Гродна, дзе перабудаваў каралеўскі замак, і падтрымаў езуітаў у імкненні стварыць вышэйшую навучальную ўстанову ў ВКЛ. Захапляючыся адукаванасцю манахаў ордэна езуітаў, кароль запрасіў іх у Гродна і адвёў пад будаўніцтва касцёла і калегіума самае бачнае месца на рынкавым пляцы. Вось так каралеўскім наказам усходнюю частку гродзенскага рынку занялі манастыр і касцёл езуітаў, а таксама будынак, які ў народзе называюць Батoрыеўка. Сёння з-за шматразовых рэканструкцый гэтую пабудову можна прыняць за звычайны савецкi жыллёвы будынак 50-х гадоў. Насамрэч Баторыеўка была пабудавана амаль 500 гадоў таму ў стылі італьянскага рэнесансу.

Фарны касцёл і «Баторыеўка» (справа)

Упершыню Стэфан Баторый прыехаў у Гродна ў 1579 годзе — тады тут праходзіла пасяджэнне сената, падчас якога абмяркоўваўся ўдзел Рэчы Паспалітай у Лівонскай вайне.

Каралю так спадабаўся горад, што ён вырашыў ператварыць яго ў асабістую сталіцу. Месяцамі манарх знікаў тут – займаўся справамі і паляваннем. Хадзілі чуткі, што Стэфан знайшоў тут сваё каханне, маўляў, сэрца караля часцей стукала пры выглядзе дачкі ляснічага. І чуткі мелі падставу: вядома, што каханая неўзабаве нарадзіла яму сына.

Стары замак у Гродне

Памятная шыльда ў фарным касцёле

Стэфан Баторый нечакана памёр у гродзенскім замку 12 снежня 1586 г. пасля вяртання з палявання. Некалькі пакаленняў вядуцца спрэчкі аб прычынах смерці караля. Гэта быў інфаркт, урэмія або атручэнне? Як пісаў Станіслаў Ніцея ў сваёй кнізе «Крэсавая Атлантыда»:

На карціне Яна Матэйкі: «Баторый у Пскове» можна пабачыць чорную постаць. Гэта Антоніа Пасесіна – папскі легат. Менавіта ён павінен быў удзельнічаць у змове з мэтай забойства караля. Цар Іван Грозны паабяцаў папе Рыгору XIII падпарадкаваць царкву Ватыкану ў абмен на перакананне палякаў устрымацца ад нашэсця. Пасесіна быў апошнім суразмоўцам караля, ён не прысутнічаў на пахаванні, а адправіўся проста ў Рым. А за ім рушылі і царскія баяры. У часы Жыгімонта III Вазы Пасесіна вярнуўся ў Рэч Паспалiтую і зноў пачаў свае інтрыгі. Труна з целам караля была пахавана ў фарным касцёле ў Гродне і толькі праз паўтара года была перанесена на кракаўскі Вавель.

На падст. grodno.by; Stanisław Nicieja , Kresowa Atlantyda, t. XIII. Opole 2019

Фота: Wikimedia Commons

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)