Роўна 200 гадоў таму, 29 верасня 1823 года, у невялікай вёсцы Смольгава, што на Міншчыне, нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля. Ён лічыцца адным з найвыдатнейшых польскiх i беларускiх творцаў эпохі рамантызму. Нягледзячы на вялікі талент, паэт не пераацэньваў сваёй ролі. Сам сябе называў не больш чым «вясковым лірнікам».
Уладзіслаў Сыракомля паходзіў з беднай шляхецкай сям’і герба Сыракомля. Вучыўся ў школах у Нясвіжы і Навагрудку, але хутка скончыў адукацыю. Пазней уладкаваўся пісарам у маёнтак Радзівілаў.
Аднак самым вялікім яго захапленнем была літаратура. Дэбютаваў у часопісе «Athenaeum» апавяданнем «Паштальён». Дэбютны зборнік «Аповяды і лятучыя рыфмы» выдаў у 1853 г. Пазней з’явіліся наступныя тамы гэтай серыі. У тым жа годзе ён таксама выдаў том успамінаў «Вандроўкі па маіх некалі ваколіцах».
Сыракомля быў таленавітым самавукам. Падчас знаходжання ў Барэйкаўшчыне пад Вільняй ён наладзіў кантакты і пасябраваў са Станіславам Манюшкам. Вядомы польскі кампазітар стварыў музыку да многіх твораў паэта, у тым ліку: «Стары капрал», «Стара капота», «Старосць», «Матысек», «Рада», «Вясковы лірнік».
У 1856-1858 гадах Сыракомля здзейсніў некалькі важных паездак у Варшаву, Познань і Кракаў, якія мелі вялікае значэнне для яго інтэлектуальнага развіцця. У 1857 г. пераехаў у Вільню. Там ён пачаў працаваць у Археалагічнай камісіі і стаў рэдактарам яе друкаванага органа «Pamiętniki». У 1860 г. пачаў супрацоўнічаць з газетай «Kurier Wileński», для якой рыхтаваў агляд літаратурных навін. За патрыятычную і канспірацыйную дзейнасць у 1861 годзе быў арыштаваны, а затым яму быў забаронены выезд з Барэйкаўшчыны.
Сыракомля прысвяціў шмат сваіх твораў гістарычнай Літве. У даступнай і прывабнай для звычайнага чытача манеры ён апісваў прыгажосць свайго рэгіёна і яго гісторыю. Кнігі Сыракомлі, у прыватнасці: “Прагулкі па Літве”, “Дзённік падарожжа па Літве і Жмудзі” і “Падарожжа сваяка па сваяцкай зямлі”, выклікалі вялікую цікавасць. Вельмі характэрна, што ўся яго творчасць, у якой пісьменнік звяртаўся да народнай культуры і традыцый, адрознівалася прастатой і яснасцю. Менавіта ў такой паэтыцы была напiсана “Гісторыя літаратуры ў Польшчы”.
Пісьменнік з задавальненнем тварыў у жанры “гутарковага апавядання”, прадстаўляючы яго розныя разнавіднасці: ад шляхецкага да народнага, ваеннага і гістарычнага. Апавяданні Сыракомлі, аднак, не ўслаўлялі мінулае і традыцыі, а паказвалі заганы іх герояў і з гумарам неслі ўрок. Да самых вядомых апавяданняў паэта адносяцца: «Паштальён» (1948), «Народжаны Ян Дэмбарог» (1852) і «Янка Цмэнтарнік» (1956). Ён таксама з задавальненнем пісаў паэмы, а бліжэй да канца жыцця стварыў твор «Мелодыі з дому вар’ятаў» (1861), які – у адрозненне ад яго звычайнага стылю – паказваў змрочнае бачанне свету, поўнага жорсткасці да людзей і жывёл.
Сыракомля атрымаў прызнанне не толькі як паэт, але і як перакладчык. Менавіта дзякуючы Сыракомлі польская мова набыла некалькі важных твораў, якія адносяцца да канону нямецкай літаратуры – творы Генрыха Гейнэ і Іагана Вольфганга Гётэ, а таксама рускай літаратуры – Міхаіла Лермантава і Мікалая Някрасава. Ён таксама пераклаў з лаціны на польскую шматлікія вершы старапольскіх паэтаў, у тым ліку: Яна Каханоўскага, Клеменса Яніцкага і Себасцьяна Кляновіча.
Памёр Уладзіслаў Сыракомля ў Вільні 15 верасня 1862 года ва ўзросце трыццаці дзевяці гадоў. На пахаванні пісьменніка на могілках Роса сабралася больш за дзесяць тысяч верных чытачоў і аматараў яго творчасці.
На падст. blog.polona.pl, instytutksiazki.pl, wikipedia.org