Генеральная пракуратура Лукашэнкі ўзбудзіла крымінальную справу супраць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У заяве пракуратуры гаворыцца, што справа распачата «ў сувязі з супрацьпраўнай дзейнасцю пранацысцкага экстрэмісцкага фарміравання «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».
Заснавальнікі Рады БНР названы памагатымі нацысцкіх злачынцаў і калабарацыяністамі. У пракуратуры лічаць, што “дзейнасць Рады БНР грунтуецца як у мінулым, так і цяпер на адмаўленні існавання суверэннай беларускай дзяржавы”.
«У сувязі з гэтым Рада БНР дэкларуе сябе найвышэйшым і адзіным прадстаўніком суверэнных правоў беларускага народа, пазіцыянуе сябе як «урад у выгнанні». Кіраўнік Рады БНР у перакладзе з беларускай на рускую і іншыя мовы свету абвяшчае сябе “прэзідэнтам”, – паінфармавалі ў Генпракуратуры.
У заяве зазначаецца, што Рада БНР была прызнана КДБ “экстрэмісцкім фарміраваннем”, аднак не спыніла сваю дзейнасць, а правяла выбары ў новы склад свайго прэзідыума. Таксама Раду абвінавачваюць у каардынацыі дзеянняў з іншымі «экстрэмісцкімі арганізацыямі», у тым ліку Каардынацыйнай рады, АПК, беларускіх структурах ва Украіне. Генпракуратуры не падабаецца, што Рада БНР развівае ўласную сістэму ўзнагарод.
У выніку была ўзбуджана крымінальная справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
- кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем, а таксама фарміраваннем, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, або ўдзелу ў ім;
- уцягванне ў экстрэмісцкую дзейнасць і іншае садзейнічанне такой дзейнасці, учыненае групай асоб;
- распальванне нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці, учыненае групай асоб;
- наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб ;
- падбухторванне да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без паўнамоцтва дзяржавы;
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Расследаванне гэтай справы даручана КДБ, які павінен устанавіць і прыцягнуць да адказнасці ўсіх асоб, звязаных з Радай БНР, «дзе б яны ні знаходзіліся: і за мяжой, і на тэрыторыі Беларусі».