Лідaрка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская падтрымала ідэю правядзення выбараў у Каардынацыйную раду. Пра гэта яна заявіла сёння, выступаючы перад дэлегатамі прадстаўнічага органа беларускіх дэмакратычных сіл.
«Я чакаю, што Каардынацыйная рада стане насамрэч прадстаўнічым органам беларускіх грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Для гэтага неабходна правесці выбары ў наступны склад Каардынацыйнай рады. Павел Лібер і “Новая Беларусь” гатовы распрацаваць усе неабходныя для гэтага тэхнічныя інструменты. Выбары ў Каардынацыйную раду могуць стаць альтэрнатывай выбарам у псеўдапарламент, якія праводзіць рэжым. Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем – яны незаконныя, але мы павінны скарыстацца гэтым як падставай распавесці пра сваю альтэрнатыву», – заявіла Ціханоўская.
Ціханаўская заклікала КР да большай публічнасці.
«Таксама хацелася б убачыць больш публічнасці ў працы Каардынацыйнай рады. Беларусы павінны ведаць, якія пытанні абмяркоўвае Каардынацыйная рада і што вырашае. Уключайце ў свае дыскусіі шырокую грамадскасць і экспертную супольнасць», – заявіла Ціханоўская.
Крыніца: reform.by
Fot. twitter.com/Tsihanouskaya