Апошняя экранізацыя твoру нашага суайчынніка Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, пад назвай “Знахар”, створаная для платформы Netflix, заваёўвае велізарную папулярнасць па ўсім свеце. Яна ўжо з’яўляецца самым папулярным фільмам у 11 краінах. У Злучаных Штатах фільм зараз займае трэцяе месца па рэйтынгу праглядаў.

Гэты культавы фільм, нарэшце, атрымаў новае жыццё ад Netflix. Вынік? Гледачы ўспрынялі яго з захапленнем не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. На дадзены момант фільм, вядома, з’яўляецца нумарам адзін на польскай платформе Netflix, а трэйлер на YouTube ужо паглядзелі больш за 800 000 чалавек!

“Знахар” таксама займае першае месца ў Аргенціне, Чылі, Чэхіі, Мексіцы, Нікарагуа, Славакіі, Украіне, Іспаніі, Уругваі і Венесуэле.

Прафесар Рафал Вільчур – выбітны лекар, які працуе ў адной з рэнамаваных клінік, які ў выніку серыі нечаканых падзей губляе сваю сям’ю і памяць. З гэтага моманту ён падарожнічае па Польшчы і знаходзіць сваё месца ў маленькай вёсцы Радалішкі. Хоць ён не памятае свайго медыцынскага мінулага, ён дапамагае мясцовым жыхарам, і хутка атрымлівае званне “знахара”. Ці ўдасца дзіўнаму збегу абставінаў дапамагчы яму знайсці сваю ідэнтычнасць і сям’ю?

“Знахара” Далэнга-Мастовіч напісаў у 1937 годзе. Першапачаткова аўтар стварыў яго ў форме сцэнара. Калі сцэнарый быў адхілены кінастудыяй, ён перарабіў “Знахара” у кнігу. Яе вялікі поспех заахвоціў кінематаграфістаў змяніць сваё меркаванне і ўсё ж такі набыць сцэнарый. Раман атрымаў некалькі экранізацый. Першая кінаверсія “Знахара” была створана ў 1937 годзе: рэжысёр – Міхал Вашыньскі, галоўную ролю выканаў Казімеж Юноша-Стэмпоўскі. Вялікай папулярнасцю карысталася  другая экранізацыя, якая выйшла ў 1982 годзе пад кіраўніцтвам Ежы Хофмана з Ежам Біньчыцкім і Ганнай Дымнай у галоўных ролях. Рэжысёрам апошняй адаптацыі з’яўляецца Міхал Газда. На гэты раз ролю прафесара Вільчура выканаў Лешэк Ліхота.

Акрамя таго, важна згадаць, што сюжэт рамана разгортваецца на Паўночна-Ўсходніх Крэсах, а менавіта на Віленшчыне і на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, месцы адкуль родам сам аўтар.

На падст. netflix.com, taniaksiazka.pl

Fot. Netflix

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)