У Курапатах зноў апаганілі крыжы, у тым ліку крыж памяці забітых польскіх афіцэраў і беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Ластоўскага, паведамляе партал Katolik.life. Гэта не першы раз, калі мемарыял падвяргаецца актам вандалізму.
Як піша каталiцкi партал, перад гадавінай Ночы расстраляных паэтаў (ноч з 29 на 30 кастрычніка) група каталіцкіх вернікаў наведала мемарыяльны комплекс Курапаты, каб памаліцца за ахвяр масавых расстрэлаў у 1937 годзе, і за палітвязняў, якія сядзяць зараз у турмах.
На месцы вернікі заўважылі новыя выпадкі вандалізму, у тым ліку і на крыжы памяці Вацлава Ластоўскага, беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, этнографа, які таксама быў расстраляны ў выніку сталінскіх рэпрэсій у 1938 годзе.
«На месцы памяці беларускага прэм’ера зноў з’явіўся абразлівы надпіс, а на крыжы ў памяць польскіх ахвяр савецкіх рэпрэсій напісана «Сядзіце на «Крэсах», ляхі! Узгадвайце плахі…» – распавялі Katolik.life вернікі.
Па здагадках, ахвяры, якія фігуруюць у так званым беларускім катынскім спісе, маглі быць пахаваны ў Курапатах пад Мінскам. Першае расследаванне беларуская пракуратура завяршыла ў лістападзе 1988 года, ацаніўшы колькасць ахвяр на 30 тысяч чалавек. Сярод пахаваных былі знойдзеныя прадстаўнікі інтэлігенцыі і жанчыны. Значная частка паходзіла з тэрыторый мiжваеннай Польшчы, уключаных у 1939 годзе ў Беларускую ССР. Ахвярамі забойства ў Курапатах сталі як беларусы, так і палякі. Акрамя таго, тут таксама пахаваны ахвяры так званай антыпольскай аперацыі НКУС 1937-1938 гадоў.
Крыніца: katolik.life/IPN