45% беларусаў, якія эмігравалі ў Польшчу, плануюць застацца ў гэтай краіне. Пра гэта сведчаць вынiкi даследавання “Беларуская эміграцыя ў Польшчы”, праведзенага Цэнтрам дыялогу ім. Юліуша Мерашэўскага.
Асноўнай прычынай, якая заахвоціла беларусаў пакінуць сваю краіну, стаў страх перад рэпрэсіямі (86%).
Для паловы рэспандэнтаў Польшча — краіна, дзе “жыццё ў цэлым лепшае, чым у Беларусі”.
22% рэспандэнтаў гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі дазволіць сітуацыя, 28% не вызначыліся з планамі.
73% заяўляе, што асноўную частку часу па-за домам яны праводзяць з іншымі беларусамі.
Большасць апытаных лічыць, што беларуская мова павінна быць адзінай афіцыйнай мовай у Беларусі. 52% упэўнены, што гэта неабходна зрабіць як мага хутчэй.
76% мяркуе, што Польшча захоўвае сяброўскія адносіны да Беларусі. Апытаныя лічаць яе найбольш сяброўскай сярод суседзяў (самай недружалюбнай – Расiю (61%).
Арганізатары апытання зазначаюць, што мелі справу падчас апытання “з супольнасцю эмігрантаў з дакладнымі, цалкам адназначнымі поглядамі, для якіх няма месца ў сучаснай беларускай дзяржаве”.
Крыніца: pozirk
Fot. belarusam.pl