Тэатр імя Стэфана Ярача з Лодзі прысвяціў свой спектакль “Размовы з катам” журналісту і актывісту Саюза палякаў у Беларусі, вязню сумлення рэжыму Лукашэнкі, Анджэю Пачобуту, а таксама ўсім палітычным зняволеным. Сёння акцёры выступяць з гастролямі ў Беластоку.

Спектакль пад назвай “Размовы з катам” – гэта адаптацыя рэпартажу, напісанага юрыстам, журналістам і салдатам Арміі Краёвай Казімежам Мачарскім, які ў 1949 годзе быў змешчаны камуністычнымі ўладамі ў адну камеру са злачынцам, адказным за смерць дзясяткаў тысяч людзей, катам СС Юргенам Штропам; разам з імі адбываў пакаранне нямецкі паліцыянт Густаў Шыльке.

Для стваральнікаў спектакля доказам актуальнасці тэзісаў, выкладзеных у адаптаваным для сцэнічных патрэб тэксце, з’яўляецца лёс Анджэя Пачобута, несправядліва асуджанага і зняволенага ў турму польскага актывіста.

«Спектакль нясе вялікі гуманістычны і маральны пасыл, асабліва цяпер, калі яго тэматыка, на жаль, яшчэ застаецца актуальнай. Адразу за нашымі межамі, у Беларусі, у турмах застаюцца каля дзвюх тысяч палітвязняў і хваля рэпрэсій набывае беспрэцэдэнтныя маштабы, а жорсткі напад Расiі на Украіну яшчэ раз нагадаў нам, што мір у Еўропе не дадзены навечна, а тыраны падымаюць галовы», — чытаем у апісанні спектакля.

Сёлета ў лютым Анджэй Пачобут быў прысуджаны да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за «заклікі да санкцый» і «распальванне варожасці». Польскі актывіст адбывае пакаранне ў Наваполацку. Як паведаміла ў жніўнi яго жонка, Анджэя адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на 6 месяцаў.

Крыніца: wb24/e-teatr.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)