Польшча перастала ставіць штампы ў беларускія пашпарты. Гэтае простае дзеянне важнае для тых, хто жыве ў Польшчы і не можа замяніць пашпарт пасля новага ўказa Лукашэнкі, але пры гэтым выязджае ў краіны паза межамі Шэнгенскай зоны. Кабінет Святланы Ціханоўскай абяцае дабіцца такога ж права і ў іншых краінах ЕС.

Пасля ўказa Лукашэнкі, які забараняе беларусам мяняць пашпарты ў пасольствах сваёй жа краіны, зэканоміць лішняе месца ў пашпарце – не лішняе.

Дзясяткі тысяч беларусаў знайшлі прытулак у Еўропе, ратуючыся ад рэпрэсій, і кошт за паездку з Шэнгена ў Румынію, Брытанію, Грузію, Казахстан ці амаль любую іншую краіну – 4 штампы. Гэта адразу палова старонкі пашпарта.

Некаторыя кажуць, што з польскім пагранічным кантролем можна было дамаўляцца і раней. Але чалавечы падыход змяніўся сістэмным.

Ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Грузіі — краінах, дзе таксама знайші прыстанішча нямала беларусаў, — дамовіцца з пагранічнікамі немагчыма. Хаця ўсе цяпер вядуць электронныя базы, і даведацца дату ўезду ў краіну можна не толькі па штампе ў пашпарце.

«Гэта рашэнне было ўзгодненае Пагранічнай аховай, міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў, — расказаў «Нашай Ніве» польскі дыпламат. — Гэта лагічнае рашэнне, таму што пакуль няма яснага разумення, што рабіць многім тысячам беларусаў, якія жывуць у Польшчы і не змогуць абмяняць свае дакументы. Магчыма, будзе прынятае рашэнне ажно да спрашчэння працэдуры атрымання польскага пашпарта, але цяпер робіцца тое, што робіцца. Адмена штампаў можа хаця б запаволіць сканчэнне пашпарта не з прычыны сканчэння тэрміну дзеяння».

Іншыя краіны, у якіх аселі тысячы беларусаў, сутыкнуцца з тым самым выклікам, што і палякі.

У Аб’яднаным пераходным кабінеце кажуць, што пра такое простае вынаходніцтва Польшчы ведаюць і плануюць угаварыць астатнія краіны.

«Плануем такое абмеркаваць на гэтым тыдні. Пакуль не гатовыя назваць краіну», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік Кабінета Валер Кавалеўскі.

Крыніца: nashaniva.com

Fot. Straż Graniczna

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)