Роўна 45 гадоў таму, 16 кастрычніка 1978 года, кардынал Караль Вайтыла быў абраны папам і прыняў імя Ян Павел ІІ. Гэты гістарычны момант меў вялікае значэнне для каталіцкага касцёла і ўсяго свету, бо Караль Вайтыла стаў першым папам з Польшчы і першым, не з Італіі, на працягу многіх стагоддзяў. Папа Ян Павел ІІ прабыў на гэтай пасадзе амаль 27 гадоў, унёс мноства рэформ і адыграў важную ролю ў звяржэнні камунізму.
Адразу пасля свайго абрання, новы папа з’явіўся на балконе базілікі Святога Пятра і выступiў з прамовай перад натоўпамі верных. Ён сказаў, у прыватнасці: “Самыя высокашаноўныя кардыналы абралі новага біскупа Рымскага. Выбралі яго з далёкай краіны, з далёкай, але заўсёды так блізкай у веры і хрысціянскай традыцыі”. Гэтыя словы былі пазней шматкроць паўтораны як самыя сімвалічныя.
Урачыстая інаўгурацыя яго пантыфікату адбылася 22 кастрычніка 1978 г. У сваёй гаміліі Ян Павел ІІ сказаў: «Не бойцеся, адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту! Для Яго збаўчай улады адчыніце межы дзяржаваў, эканамічных і палітычных сістэмаў, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся!» Гэтыя словы лічыліся праграмнай заявай пантыфікату.
Яна Паўла ІІ называлі папам-пілігрымам. Падчас свайго амаль 27-гадовага пантыфікату ён здзейсніў 104 замежныя пілігрымкі. Польшча была краінай, якую часцей за ўсё наведваў Ян Павел ІІ.
Падчас сваёй першай пілігрымкі ў Польшчу (2-10 чэрвеня 1979 г.) Ян Павел ІІ у гаміліі, прамоўленай падчас святой Імшы перад Магілай невядомага жаўнера ў Варшаве ён заклікаў суайчыннікаў да асаблівай адказнасці за лёс краіны і радзімы.
У той час ён вымавіў гістарычныя словы: „Няхай сыдзе Дух Твой і абновіць аблічча зямлі, гэтай зямлі”. Гэтыя словы былі ўспрынятыя як заклік да зменаў ва ўладкаванні і аднаўленні свабоды ў Польшчы. На думку многіх аналітыкаў, тое, што папа казаў падчас гэтай пілігрымкі, садзейнічала ўзнікненню “Салідарнасці” і, у канчатковым выніку, прывяло да звяржэння камуністычнага рэжыму ў краінах Усходняй Еўропы.
З 16 кастрычніка 2005 года ў Польшчы гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным святам. Свята было ўстаноўлена “ў гонар найвялікшага аўтарытэту XX стагоддзя, чалавека, які, звяртаючыся да каранёў хрысціянства, вучыў нас салідарнасці, смеласці і пакоры”.
Крыніца: wb24.org/prezydent.pl
Fot. twitter.com/EpiskopatNews