У XVII стагоддзі горад Глыбокае быў падзелены на дзве часткі: адна, званая Зяновічаўскай, належала Віленскаму ваяводству, тады як другая, якая знаходзілася ва ўласнасці Корсакаў, была часткай Полацкага ваяводства. Жыхары з Зяновічаўскай часткі наведвалі касцёл святога Міхала (які зараз не існуе), у той час як жыхары за ракой Бярозаўка – касцёл Святой Тройцы.

Першыя згадкі пра Глыбокае датуюцца 1414 годам, які лічыцца датай заснавання гэтага горада. У 1514 годзе Глыбокае згадваецца ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага як сядзіба і цэнтр маёнтка Зяновічаў.

Вядома, што ўжо ў тыя часы горад быў важным гандлёвым цэнтрам на скрыжаванні Заходняй і Усходняй Еўропы. Падтрымліваліся гандлёвыя адносіны з такімі гарадамі, як Рыга, Кёнігсберг, Вільня і Варшава.

Паўночная частка Глыбокага была ва ўласнасці Корсакаў, тады як паўднёвая належала Зяновічам. Рака Бярозаўка вызначала не толькі мяжу паселішча, але і мяжу Полацкага ваяводства.

Падчас Лівонскай вайны 1558-1583 гг. рускімі войскамі гораду быў нанесены значны ўрон. У канцы XVI ст. у Глыбокім былі заснаваны кальвінскі сабор, школа і бібліятэка. Падчас вайны з Маскоўскім царствам 1654-1667 гг. Глыбокае зноў занялі расейскія войскі і нават пабудавалі ў горадзе драўляную крэпасць, у якой размяшчаўся гарнізон. У лістападзе 1661 г. каля Глыбокага адбылася бітва войска Рэчы Паспалітай з рускімі войскамі. У выніку, перамогу над шматтысячнай варожай арміяй атрымалі польска-літоўскія сілы.

У 1668 г. паўднёва-заходняя частка горада перайшла ў валоданне Радзівілаў, якія ўзвялі ў Глыбокім сядзібны комплекс, які складаўся з аднапавярховага драўлянага будынку, флігеля, пякарні, складоў, стайні і іншых гаспадарчых пабудоў. Маёнтак налічваў каля двух з паловай сотняў двароў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глыбокае ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Падчас вайны 1812 г. у перыяд з ліпеня па снежань горад быў заняты французскімі войскамі. На працягу шасці ліпеньскіх дзён у Глыбокім знаходзіўся Напалеон. Нягледзячы на тое, што Глыбокае ўваходзіла ў склад Расеі, яго другая, паўднёва-заходняя частка працягвала заставацца ў прыватнай уласнасці. Да канца XIX ст. у горадзе функцыянавалі піваварны, вінакурны і цагельны заводы. Колькасць насельніцтва па дадзенымі перапісу 1897 г. складала 5500 чалавек. Падчас Першай сусветнай вайны да Глыбокага была пракладзена чыгунка.

У снежні 1918 года горад быў заняты бальшавікамі. Затым 1 студзеня 1919 года рашэннем І з’езда КП(б)Б горад быў уключаны ў склад Беларускай ССР. Аднак 21 жніўня 1919 г. у горад увайшло Войска Польскае. У выніку наступлення Тухачэўскага горад трапіў у рукі бальшавікоў. У кастрычніку 1920 года палякі канчаткова вярнулі мястэчка. У 1921 годзе Рыжская дамова афіцыйна пацвердзіла прыналежнасць Глыбокага да ІІ Рэчы Паспалітай. Мястэчка атрымала статус горада і стала адміністрацыйным цэнтрам Дзісненскага павета, з 19 лютага 1921 г. — у складзе Навагрудскага ваяводства, затым з 13 красавіка 1922 г. — Віленскага.

Глыбокае ў часы ІІ Рэчы Паспалітай (фота: Нацыянальная бібліятэка)

Паводле Усеагульнага перапісу насельніцтва 1921 года, тут пражывала 4 514 чалавек, з якіх 709 вызнавалі рымска-каталіцкае веравызнанне, 894 – праваслаўнае, 3 – евангельскае, 13 – стараверскае, 2 844 – іудзейскае, 51 – мусульманскае. У той жа час 2 220 жыхароў заявілі аб сваёй польскай нацыянальнай прыналежнасці, 819 – аб беларускай, 1 418 – аб яўрэйскай, 33 – аб татарскай, 21 – аб рускай, 1 – аб літоўскай, 1 – аб эстонскай і 1 – аб украінскай. Тут быў 661 жылы будынак. У 1921 годзе ў Глыбокім пражывала 2844 яўрэі, што складала 63% яго насельніцтва. У 1931 годзе ў 1081 доме пражывала 7361 чалавек.

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян у Беразвеччы часоў ІІ Рэчы Паспалітай (фота: wikipedia.org)

Знакамітым жыхаром Глыбокага быў Тадэвуш Далэнга-Мастовіч, які нарадзіўся ў маёнтку Акунёва, размешчаным у 10 км ад горада, якi ўжо не існуе.

Памятная дошка Тадэвушу Далэнга-Мастовічу ля месца, дзе знаходзіўся дом пісьменніка (fot. wikipedia.org)

Пазней сям’я Далэнга-Мастовічаў пераехала ў сам горад і пасялілася ў доме побач з касцёлам Святой Тройцы. На будынку суда, побач з месцам, дзе калісьці стаяў дом сям’і Далэнга-Мастовічаў, зараз вісіць памятная таблічка на польскай і беларускай мовах.

Напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны ў Глыбокім пражывала 9,7 тыс. жыхароў. У горадзе функцыянавалі кандытарская фабрыка, гарбарная майстэрня, млын, павятовая адміністрацыя, пошта, польская гімназія, прыватныя магазіны і таварныя склады. Кожны чацвер праводзіўся рынак, а таксама чатыры разы на год ладзіліся кірмашы. У Беразвеччы, каля Глыбокага, размяшчаўся полк КАП (Корпуса Аховы Памежжа) і выведвальны пост КАП нумар 3.

На падст. kresymagiczne.pl, wikipedia.org, ekskursii.by

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)