Сёння, 19 кастрычніка, у гадавіну трагічнай смерці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, адзначаецца Нацыянальны дзень памяці нязломных святароў. Гэтае свята, заснаванае ў 2018 годзе, аддае даніну павагі “героям, непахісным абаронцам веры і незалежнай Польшчы”.

Датай памяці пра гераічных святароў і духоўных асоб быў выбраны дзень, калі ў 1984 годзе супрацоўнікі Службы Бяспекі выкралі святара Ежы Папялушку, якога затым жорстка закатавалі і забілі.

У гэты дзень пасля імшы ў парафіі Святых Польскіх Братоў-Пакутнікаў у Быдгашчы, на шляху дадому, святар Ежы Папялушка разам з кіроўцам Вальдэмарам Храстоўскім былі спыненыя каля мястэчка Гурск, а затым выкрадзеныя трыма супрацоўнікамі Службы Бяспекі. Гжэгаж Пятроўскі, Лешэк Пэнкала і Вальдэмар Хмялеўскі былі членамі Асобнай Групы “Д” (дэзінтэграцыя) Дэпартамента IV Міністэрства ўнутраных спраў.

У 1980-х гадах Каталіцкі касцёл быў апорай “Салідарнасці”. Імшы за радзіму, арганізаваныя ў касцёлах, дарылі ўдзельнікам пачуццё адзінства, сілы і надзеі. Адным з самых вядомых і актыўных капеланаў “Салідарнасці” быў Ежы Папялушка з Варшавы.

Камуністы лічылі святара Ежы Папялушку ворагам усёй сістэмы, а яго дзейнасць – пагрозай устаноўленаму імі парадку ў ПНР. Вакол яго збіраліся натоўпы вернікаў, і таму ён здаваўся ўладам небяспечным. А ён, выконваючы свае пастырскія абавязкі, даваў людзям надзею, што паўсядзённая шэрасць камуністычнай Польшчы зменіцца, і палякі будуць жыць годна ў сваёй свабоднай краіне.

Нацыянальны дзень памяці нязломных святароў быў устаноўлены Сеймам Рэспублікі Польшчa ў кастрычніку 2018 года, каб аддаць даніну павагі ўсім святарам, якія сведчылі аб нязломнай веры ў Ісуса Хрыста, а таксама мужнасць і непахісную патрыятычную пазіцыю, часта ахвяруючы сваё жыццё.

Сярод непакорнага духавенства многія страцілі сваё жыццё ад рук нямецкіх і савецкіх захопнікаў. Адной з найбольш вядомых асоб з’яўляецца святы Максіміліян Марыя Кольбэ, пакутнік з Асвенцыма. У сваю чаргу, ахвярамі савецкіх рэпрэсій сталі, сярод іншых, святары – Ян Крэнцэль і Тэадор Валента. Многія польскія святары былі па-зверску забітыя ўкраінскімі нацыяналістамі на Валыні, як святар Станіслаў Дабжанскі з Астроўкі.

На падст. ipn.gov.pl, podlaskie.pl

Fot. aleteia.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)