У чацвер у Познані пачаўся працэс супраць двух грамадзян Беларусі, якія абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысць беларускай ваеннай разведкі. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі – паведамляе партал Most, спасылаючыся на PAP.
Андрэя Р. і Дзмітрыя Н. затрымалі ў красавіку 2022 года і з таго часу яны ўтрымліваліся пад вартай. Адзін з іх быў ваенным (цяпер – ваенны пенсіянер). Іншы па прафесіі музыка-барабаншчык. У Польшчу абодва прыехалі працаваць вадзіцелямі.
Па дадзеных следства, яны назіралі за ваеннымі і грамадзянскімі аб’ектамі, якія маюць крытычна важнае значэнне для абараназдольнасці Польшчы. Верагодна, размова ідзе ў тым ліку аб транспартнай інфраструктуры. Паведамляецца, што гэтыя аб’екты размяшчаюцца на захадзе Польшчы.
Паколькі справа звязаная з дзяржаўнай таямніцай, суд вырашыў, што публічным будзе толькі чытанне абвінаваўчага заключэння, а далейшы судовы працэс пройдзе за зачыненымі дзвярыма.
Крыніца: mostmedia.io
Fot. pixabay