Паэт і перакладчык твораў Гарацыя, Тацыта, Ла Фантэна і Жана Жака Русо, таксама вядомы як гісторык, драматург і адна з ключавых фігур польскай эпохi Асветніцтва. Лічыўся творцам нароўні з Ігнацыем Красіцкім, быў таксама прыдворным паэтам апошняга караля Рэчы Паспалітай. Яго “Гісторыя польскага народа” стала класікай гістарыяграфіі. Нарушэвіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1733 года ў Пінску на Палессі, роўна 290 гадоў таму.

Адам Нарушэвіч паходзіў з заможнай сям’і літоўскай шляхты. Вучыўся ў езуіцкiм калегіуме ў Пінску. Пасля ранняй смерці бацькоў у 1748 годзе, вырашыў прысвяціць сваё жыццё манаскаму служэнню. У тым жа годзе ён пачаў вучобу ў Ліёне. Наступныя 10 гадоў правёў у Францыі, дзе прасяк ідэямі Асветніцтва.

Пасля вяртання на радзіму пачаў працаваць выкладчыкам лаціны, граматыкі, паэтыкі і рыторыкі ў Віленскай акадэміі. Інтэлектуальныя здольнасці Нарушэвіча хутка заўважылі і ацанілі ўплывовыя магнаты з роду Чартарыйскіх. Дзякуючы іх падтрымцы Нарушэвіч дасягнуў значнага ўплыву на польскае грамадскае жыццё ў часы праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Кароль падтрымліваў палітычную праграму Чартарыйскіх і спрабаваў правесці рэформы ў Рэчы Паспалітай.

Будынак езуіцкага калегіума ў Пінску (фота: wikipedia.org)

Будучы прыхільнікам Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ён унёс значны ўклад у працу Вялікага сейма, выступаючы пасярэднікам паміж каралём і Гуга Калантаем. Займаў шмат дзяржаўных функцый. Ён быў, між іншым, сакратаром Пастаяннага савета. Абаронца Канстытуцыі 3 мая.

Па даручэнні караля Нарушэвіч працаваў над “Гісторыяй польскага народа”. У сваёй творчасці ён звяртаўся да традыцый Адраджэння і барока, унёс у паэтычную мову канкрэтныя элементы гутарковай гаворкі. Стыль яго вершаў вылучаецца індывідуальнасцю і дынамічнасцю. Паэт ахвотна выкарыстоўваў інверсію, антытэзу і парадокс, а таксама крайнасці і нават інвектывы. Ён не прытрымліваўся класічнага правіла чысціні жанру, уводзячы, напрыклад, у свае вершы элементы сатыры. У яго творчасці дамінавала грамадзянская тэматыка, таму яна шмат у чым мела акалічнасны характар. Нарушэвiч быў заўзятым прапаведнікам асветніцкіх ідэалаў грамадскага жыцця.

Адам Нарушэвіч (фота: Архіў ілюстрацый PWN)

У гадах 1771-1777 ён рэдагаваў «Прыемныя і карысныя забавы», якія аказалі вялікі ўплыў на малодшае пакаленне паэтаў. Гісторыкі літаратуры нават лічаць, што ён стварыў сваю ўласную, хаця і нефармальную, паэтычную школу, да якой адносяць, у прыватнасці, Томаша Каетана Венгерскага і Францішка Заблоцкага.

Нарушэвіч пісаў оды, сатыры, пастуховыя вершы, байкі, эпіграмы, а таксама трагедыі. Яго найбольш вядомыя творы: “Шар” (на працягу многіх гадоў прыпісваўся Станіславу Трамбецкаму), “Худы літаратар”, “Модны малады чалавек”, “Сапсаванае стагоддзе”, “Рэдуты”, “Роўнасць пасля смерці”. Ён перакладаў Гарацыя, Тацыта і Сарбеўскага, а таксама Ла Фантэна і Русо. У 1778 годзе Францішак Багамолец сабраў і выпусціў у чатырох тамах усе яго творы.

Нарушэвіч сышоў з публічнага жыцця, калі кароль Панятоўскі далучыўся да таргавіцкай канфедэрацыі. Ён пасяліўся ў Янаве-Падляскiм, дзе і пайшоў з жыцця. На яго магіле ў крыпце катэдры Святой Тройцы, згодна з воляй паэта, размешчаны надпіс: “Cor meum et caro mea requiescit in spe” (Маё сэрца і маё цела ў надзеі).

На падст. bn.org.pl, blog.polona.pl, polskieradio.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)