У Беларусі пра прызыў у войска будуць інфармаваць праз СМС, а пры змене нумара тэлефона беларусы павінны будуць паведамляць пра гэта ваенны камісарыят. Адпаведны законапраект “Аб змене законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі” апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.
У законапраекце прадугледжаны новы від павесткi — па смс: «Грамадзяне могуць быць абвешчаныя аб неабходнасці яўкі ў ваенны камісарыят, упраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па вобласці пры дапамозе SMS-паведамлення».
Эсэмэскай могуць заклікаць у выпадку мабілізацыі, а таксама на мерапрыемствы па мабілізацыйнай падрыхтоўцы. Мабiльныя аператары будуць абавязаны праводзіць смс-рассылку па спісах ад ваенкаматаў і КДБ. Факту адпраўкі будзе дастаткова, каб паведамленне лічылася юрыдычна дастаўленым адрасату.
Акрамя таго, аператарам давядзецца па запыце ваенкаматаў або КДБ у тыднёвы тэрмін прадастаўляць звесткі аб нумарах беларусаў, якія знаходзяцца на воінскім уліку. Самі ж грамадзяне павінны будуць паведамляць у ваенкамат аб змене асабістага нумара тэлефона.
Папяровыя позвы пад распіску будуць уручаць не толькі па месцы жыхарства прызыўніка, але і па месцы працы і “месцы знаходжання”.
Крыніца: mediazona.by
Fot. pixabay