230 гадоў таму, 23 кастрычніка 1793 года, сейм у Гродне, які знаходзіўся пад кантролем расіян, ратыфікаваў другі падзел Рэчы Паспалiтай. Гэты сейм часта называюць “Гродзенскім сеймам” ці “Нямым сeймам” з-за таго, што дэпутаты былі вымушаныя прымаць рашэнні пад пагрозай патэнцыйнага ўмяшання Расіі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая была аслабленай дзяржавай, якая пакутавала ад унутраных разладаў і неэфектыўнай сістэмы кіравання. “Ліберум вета”, якое давала кожнаму дэпутату права ануляваць прынятыя на сейме рашэнні, паралізавала нармальнае функцыянаванне дзяржавы. Такі стан спраў стаў ідэальнай глебай для знешняга ўмяшання, асабліва з боку трох суседніх дзяржаў: Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

Новы замак у Гродне, месца паседжання сейма 1793 г.

Першы падзел Рэчы Паспалiтай адбыўся ў 1772 годзе. Пасля яго, нягледзячы на некаторыя спробы рэформаў, у тым ліку прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года, якая павінна была ўмацаваць дзяржаву і зрабіць яе больш сучаснай, сітуацыя ў Рэчы Паспалітай працягвала заставацца нестабільнай.

У такіх умовах з’явіліся два цэнтры ўлады: Таргавіцкая канфедэрацыя і Бесперапынная рада, якая была зноў створана пасля перамогі над прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая. Паміж гэтымі цэнтрамі ішла барацьба за тое, як у гэтых умовах павінна функцыянаваць польска-літоўская дзяржава. Каб канчаткова вырашыць гэтае пытанне, 17 чэрвеня 1793 года Расія і Прусія склікалі сейм у Гродне, які праходзіў пры прысутнасці расійскіх войскаў.

На здзіўленне многіх, падчас сесіі вылучылася моцная патрыятычная фракцыя. Многія дэпутаты пратэставалі супраць ратыфікацыі падзелу. Пасля некалькіх месяцаў інтэнсіўных дыскусій у верасні было прынята рашэнне аб падзеле тэрыторыі на карысць Расіі.

Юзаф Кімбар, адзін з лідараў патрыятычнай апазіцыі на Гродзенскім сойме 1793 г.

Заставалася ўзгадніць падзел тэрыторыі на карысць Прусіі. Для дасягнення гэтага расiйскія войскі арыштавалі і вывезлі з Гродна патрыятычна настроеных дэпутатаў. У канчатковым выніку, маршал Станіслаў Бялінскі палічыў маўчанне ў зале сейма пацвярджэннем рашэння і падпісаў акт падзелу.

Ваяводствы, створаныя на Гродзенскім сойме

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалiтай Прусія цалкам захапіла такія тэрыторыі, як Вялікапольшча, Куявы і частку Мазовіі, уключаючы стратэгічныя гарады Гданьск і Торунь. Расія паглынула далейшыя ўсходнія тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у т.л. – на ўсёй тэрыторыі Мінскага, Кіеўскага і Падольскага ваяводстваў, а таксама на значнай частцы Віленскага, Навагрудскага і Валынскага ваяводстваў (агульная плошча 250 000 квадратных кіламетраў).

На падст. polskieradio.pl, wrotapodlasia.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)