Беларускім каталікам перадалі ўчастак зямлі ў Стаўбцах, дзе калісьці стаяў гістарычны касцёл, піша сайт katolik.life. Два гады таму тут знайшлі старажытную магілу і астанкі дамініканіна Фабіяна Малішоўскага, які памёр у 1644 годзе.
У 1953 годзе храм, які стаяў на гэтым месцы, быў узарваны савецкімі ўладамі. Доўгі час гэтая тэрыторыя служыла спартыўнай пляцоўкай для мясцовай школы.
Вернікі, якія выязджалі з сваіх дамоў, хаваючыся ад рэлігійнага і сацыяльнага пераследу пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчу, схавалі парэшткі ў сутарэннях касцёла і пакінулі адпаведны план ў курыі біскупа ў Драгічыне. Доўгія гады ніхто не ведаў дзе знаходзіцца “святы Фабіян”, пакуль не прыйшоў час, — распавядае выданне katolik.life.
Цяпер гэтую зямлю атрымала мясцовая каталіцкая парафія.
— Мінула амаль два гады, і прайшоўшы адпаведныя бюракратычныя працэдуры, мы атрымалі гэты кавалачак зямлі, так дарагі для нас. За гэты час з дазволу мясцовай улады мы аднавілі частку касцёльнай агароджы (пачатак XX стагоддзя), якая не была разбурана і з’яўлялася часткай сцен гаражоў. А таксама аднавілі браму-званіцу, збудаваную 1838 годзе, якая яшчэ у 20-х гадах мінулага стагоддзя стала часткай сцяны кірмаша. А сёння велічна узвышаецца на плошчай, — распавядае katolik.life.
Тут плануюць адбудаваць капліцу святога Дамініка і аднавіць склепы, дзе месцяцца пахаванні фундатараў і манахаў-дамініканаў.
Крыніца: katolik.life
Галоўнае фота: radzima.org/k.shastouski