Міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта прыбыў у Мінск на канферэнцыю па бяспецы. Нагадаем, Венгрыя з’яўляецца членам Еўрасаюза. Пасля падаўлення пратэстаў у 2020 годзе і ўдзелу рэжыму дыктатара Лукашэнкі ў расiйскай агрэсіі супраць Украіны краіны ЕС устрымліваюцца ад афіцыйных кантактаў з беларускімі ўладамі.
Прапагандысцкае агенцтва БЕЛТА піша, што Сіярта выступіць сёння на пленарным пасяджэнні канферэнцыі. Сам чыноўнік у мінскім аэрапорце расказаў, што збіраецца гаварыць аб “важнасці мiру”. У канферэнцыі, якую сабраў афіцыйны Мінск, таксама бяруць удзел міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, прадстаўнікі Кітая, Ірана і краін АДКБ.
Нагадаем, нядаўна Венгрыя не падтрымала ўступленне Швецыі ў NATO. А прэм’ер-міністр краіны Віктар Орбан параўнаў сяброўства ў ЕС з савецкай акупацыяй. На што кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль адказаў, што сілай ніхто не ўтрымлівае Венгрыю ў ЕС. «Ніхто не прымушае Венгрыю быць сябрам ЕС», — сказаў еўрапейскі дыпламат.
Крыніца: euroradio.fm
Fot. Szijjártó Péter / Facebook