Анджэй Пачобут стаў адным з лаўрэатаў прэстыжнай Прэміі імя Сержыо Віейра дэ Мэла. Сярод пераможцаў таксама былі польскі журналіст Марцін Жыла і арганізацыя Familias Unidas por Nuestros Desaparecidos en Jalisco (FUNDEJ) з Мексікі.
Учора ў Кракаве, у віле Дэцыуша, адбылася ўрачыстая цырымонія, на якой у дваццаты раз была ўручана Польская ўзнагарода імя Сержыо Віейра дэ Мэла, Высокага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека.
Сярод намінантаў былі асобы і арганізацыі з усяго свету, якія працуюць у інтарэсах міру, правоў чалавека, а таксама дыялогу рэлігій і культур. У працы журы прымалі ўдзел прадстаўнікі: Прэзідэнта Польскай Рэспублікі, Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Бразіліі, Пасла Каралеўства Швецыя ў Польшчы, Высокага камісара ААН па справах бежанцаў, Міністэрства замежных спраў, Амбудсмена, мэра горада Кракава, Генеральнага консула Злучаных Штатаў Амерыкі ў Кракаве, выдавецтваў і iніцыятараў узнагароды, а таксама Старшыні Праўлення і Дырэктара Асацыяцыі Віла Дэцыуша.
Ганаровую ўзнагароду ўручылі журналісту і актывісту польскай меншасці ў Беларусі, Анджэю Пачобуту. Дырэктар Дэпартамента ААН і Правоў Чалавека з польскага Міністэрства замежных спраў Павел Радомскі без ваганняў ахарактарызаваў пазіцыю Анджэя Пачобута як гераічную.
“Ён мог бы выйсці з турмы, бо яму прапаноўвалі свабоду ў абмен на зварот да дыктатара з просьбай аб памілаванні. Тройчы ён абвяргаў такія прапановы. Ён плаціць за гэта вялізнай цаной, але, як ён напісаў у лісце сваёй жонцы Аксане: мы не выбіраем часы, у якія нам трэба жыць, але мы выбіраем, як жыць у гэтыя часы” – казаў Радомскі ў сваёй лаўдацыі. Радомскі таксама падкрэсліў, што ўручэнне ўзнагароды апазіцыянеру – гэта не толькі прызнанне дзейнасці Анджэя Пачобута, але і ўсіх тых, хто з’яўляецца вязнямі рэжыму Лукашэнкі. “Мы такім чынам дасылаем магутны сігнал, што памятаем пра іх. Што свет патрабуе справядлівасці для іх. Мы спадзяемся, што спадар Анджэй Пачобут, вязні рэжыму і ўсё беларускае грамадства ў будучыні змогуць жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне”, – сказаў Радомскі.
Узнагароду таксама атрымаў Марцін Жыла, польскі журналіст, які асвятляе ў сваіх артыкулах пытанні правоў чалавека, гуманітарнай дапамогі і стану сучаснай Еўропы. Іншым лаўрэатам стала арганізацыя Familias Unidas por Nuestros Desaparecidos en Jalisco (FUNDEJ), мэтай якой з’яўляецца пошук зніклых без вестак людзей у штаце Халіска, Мексіка.
Крыніца: wb24/polskieradio.pl
Fot. facebook