30 кастрычніка 1936 года пайшоў з жыцця Фердынанд Рушчыц, які лічыўся адным з самых выдатных мастакоў і графікаў перыяду “Маладой Польшчы”. Творчасць гэтага мастака з’яўляецца часткай культурнай спадчыны як Польшчы, так і Беларусі.
Маці Фердынанда, Альвіна, была датчанкай, родам з Нексэ на востраве Борнхольм, а яго бацька, Эдвард, быў капітанам царскай арміі. Радавым гняздом сям’і Рушчыцaў быў маёнтак у Багданаве недалёка ад Крэва, які сям’я была вымушана пакінуць на некаторы час з-за рэпрэсій пасля паўстання 1863 г. Да свайго маёнтка яны вярнуліся з Мінска ў 1888 годзе.
Рушчыц пачаў сваю мастацкую адукацыю ў Варшаве, але сапраўднае майстэрства развіваў на Акадэміі Мастацтваў у Пецярбургу, дзе ён вучыўся ў І. Шышкіна і А. Куінджы. Потым ён падарожнічаў па Еўропе, вывучаючы тонкасці жывапісу і графікі.
Творчасць Фердынанда Рушчыца – гэта перш за ўсё пейзажны жывапіс. У 90-х гадах XIX стагоддзі гэта былі карціны, якія адлюстроўваюць яго зачараванне морам, якія паказваюць хвалі на скалістым або пяшчаным беразе. Затым з’явілася серыя з выявай млына: “Млын зімой”, “Млын ноччу”, “Млын у зімовы час”. Аднак, звычайна гаворка ідзе аб даволі вузкіх фрагментах пейзажа – Рушчыц любіў выкарыстоўваць частку прасторы, каб паказаць якую-небудзь жывапісную з’яву, напрыклад, колер святла або размеркаванне ценяў.
Другой важнай, дамінуючай тэмай яго жывапісу было мінулае. Гэта адлюстравана ў шматлікіх працах мастака, такіх як “Стары дом” ці “Старыя яблыні”, дзе мастак спрабуе зразумець сутнасць адыходзячага часу.
Апроч мастацкай дзейнасці, Рушчыц таксама быў актыўным грамадскім дзеячам. Ён удзельнічаў у руху за незалежнасць Польшчы. Падтрымліваў развіццё культуры і мастацтва, арганізоўваў розныя мерапрыемствы і выставы, мэтай якіх было прасоўванне мастацтва “Маладой Польшчы”. У 1903 годзе ён актыўна ўдзельнічаў у cтварэннi варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1918 годзе ён арганізаваў Факультэт прыгожых мастацтваў ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе ён выкладаў у якасці прафесара.
На падст. wikipedia.org, polskieradio.pl
Калаж: sztukipiekne.pl