Удзельнікі рок-групы Tor Band былі прыгавораны да агульнага тэрміну ў 24,5 года строгага рэжыму, паведамляюць беларускія праваабаронцы.

Зміцер Галавач атрымаў 9 гадоў зняволення, Яўген Бурло – 8 гадоў, а Андрэй Ярэмчык – 7,5 гады. Усе яны былі асуджаныя да пазбаўлення волі строгага рэжыму за нібыта “распальванне сацыяльнай нянавісці”, “удзел у экстрэмісцкай групоўцы” і “абразу прэзідэнта”. Акрамя таго, кожнага музыканта аштрафавалі на суму ў 3700 рублёў. Таксама былі канфіскаваны ноўтбук і мабільныя тэлефоны.

Зміцер Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык з’яўляюцца аўтарамі і першымі выканаўцамі пратэстных песень, якія выканалі сотні тысяч людзей падчас антыўрадавых дэманстрацый у 2020 годзе. Яны былі арыштаваныя год таму.

Стан здароўя вакаліста гурта, Зміцера Галавача, выклікае турботу. У яго праблемы з пазваночнікам, і ён перасоўваецца на мыліцах. Турэмная медыцына рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўжо прывяла да інваліднасці і смерці шэрагу палітычных зняволеных. У турмах і папраўчых калоніях Беларусі ўтрымліваецца да 1500 асуджаных за палітычную дзейнасць.

Сёлета гурт Tor Band у РБ быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”, яго сацсеткі, песні, кліпы рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць таксама “экстрэмісцкімі”. Кліпы на песні Tor Band “Мы — не “народец”, “Жыве”, “Кто, если не ты?!” набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

Крыніца: IAR/euroradio.fm

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)