Пасяліўшыся ў Польшчы, людзі з картай паляка могуць карыстацца падатковымі льготамі на працягу чатырох гадоў. Узнікае пытанне, ці губляюць яны гэтыя палёгкі, калі скончыўся тэрмін дзеяння Карты паляка? Тлумачэнні па гэтым пытанні выпусціла падатковая служба Польшчы, паведамляе сайт “Люстэрка”.

Згодна з польскім заканадаўствам, іншаземцы з картай паляка на працягу чатырох гадоў пасля пераезду ў Польшчу (пачынаючы з года пераезду або наступнага за ім) вызваляюцца ад аплаты падаткаў на даход у суме да 85,5 тыс. злотых (каля 20 тыс. долараў) за год . Ільгота распаўсюджваецца на даходы ад работы па працоўным дагаворы, службы, дагаворы даручэння, ад надомных і кааператыўных працоўных адносін і іншай нясельскагаспадарчай дзейнасці, а таксама на дапамогу па цяжарнасці і родах.

Ільгота была ўведзена з 1 студзеня 2022 года, і пакуль яе прымяненне выклікае пытанні. Да выдання звярнуўся грамадзянiн Беларусi з просьбай растлумачыць адзін з нюансаў, які не быў дакладна прапісаны ў заканадаўстве.

Мужчына пераехаў у Польшчу ў 2022 годзе па нацыянальнай візе, атрыманай па карце паляка, і адкрыў індывідуальнае прадпрымальніцтва. У 2023 годзе яму адобрылі атрыманне пастаяннага віду на жыхарства Польшчы. Пасля гэтага дзеянне яго карты паляка спынілася. Для беларуса заставалася незразумелым, ці захоўваецца за ім права на падатковую льготу ў 2023-м і наступных гадах ці льгота «згарае» разам з картай паляка.

Як тлумачыць падатковая служба, у такіх выпадках павінна быць выканана галоўная ўмова – пераезд у Польшчу на падставе карты паляка, прычым упершыню (чалавек не павінен быў пражываць у Польшчы ў мінулым). Калі на момант пераезду карта паляка дзейнічала, значыць, права на падатковую льготу захоўваецца ўсе чатыры гады, нават калі карта паляка заканчваецца ў сувязі з атрыманнем пастаяннага ВНЖ або грамадзянства.

Дарэчы, такая льгота належыць не толькі ўладальнікам карты паляка, але і проста грамадзянам іншых краін ЕС, Еўразоны, Швейцарыі, калі яны ўпершыню пераязджаюць у Польшчу. Тое ж тычыцца тых, хто мае польскае грамадзянства, але заўжды пражываў за мяжой.

Крыніца: zerkalo.io

Fot. eurostudy.info

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)