Унікальныя ігральныя карты з Гродна былі прададзены на аўкцыёне ў Польшчы, які прайшоў увечары 30 кастрычніка на сайце Allegro.pl. У ліцытацыі бралі ўдзел амаль 30 чалавек. Як паведамляе партал Most, падчас аўкцыёну іх кошт узрос больш як у пяць разоў.
Хто купіў карты – невядома. На польскім аўкцыёне выніковы кошт лота склаў 799,5 злотага (каля 190 долараў). Таргі пачыналіся са 150 злотых. На піку аўкцыёну за ўнікальную калоду карт змагаліся 29 чалавек. Карты былі выпушчаны ў Гродне ў міжваенны перыяд на фабрыцы ігральных карт Лапіных. Сапраўднасць карт пацвярджаюць фабрычны друк на чарвяным тузе і надпіс на шаліку аднаго з валетаў. Такой калоды сёння няма нават у Гродне.
Ігральныя карты выпускаліся на гродзенскай фабрыцы ў 1920-1930-я гады і карысталіся вялікай папулярнасцю ва ўсёй краіне. У мiжваеннай Польшчы аматары азартных гульняў часта карысталіся гэтымі картамі. Тэхніка друку на фабрыцы грунтавалася на стандартах і метадах, закладзеных у XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам у Гродне. Ігральныя карты атрымалі высокую ацэнку за якасць, эстэтычнасць, унікальнасць і разнастайнасць дызайну.
Легенда гродзенскай фабрыкі Лапіных
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Гродне пачалі з’яўляцца прадпрыемствы з незвычайнай назвай – тыпалітаграфіі, якія, сярод іншага, прапаноўвалі паслугі друку літаграфій. У 1879 годзе прадстаўнікі заможнай мяшчанскай сям’і Лапіных заснавалі сваю першую тыпалітаграфію. Там друкавалі каляровыя этыкеткі, рэкламу і пачкі для цыгарэт.
У 1923 годзе браты Аляксандр і Абрам Лапіны пашырылі свой бізнэс і пачалі вытворчасць ігральных карт. З гэтага года іх прадпрыемства стала называцца Першая нацыянальная фабрыка ігральных карт. Карты былі высокай якасці і выкарыстоўваліся для гульняў у скат, покер, віст… Фабрыка Лапіных вырабляла мноства розных карт, напрыклад, самыя папулярныя ў Польшчы да канца XVII стагоддзя, а зараз амаль забытыя карты нямецкага (або прускага) тыпу. Мiж iншым друкаваліся так званыя народныя карты, рэйнскія, а таксама была створана ўнікальная калода з каралямі Рэчы Паспалітай.

Будынак на вуліцы Аляксандраўскай (цяпер Будзёнага, 56), дзе з 1923 г. працавала Першая нацыянальная фабрыка ігральных карт (фота з калекцыі Фелікса Варашыльскага)
Гісторыя з гродзенскімі ігральнымі картамі скончылася адразу пасля Другой сусветнай вайны. На фабрыцы пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты. Пазней дзейнасць гродзенскай друкарні была поўнасцю прыпынена, а будынак фабрыкі доўгі час стаяў закінутым.
Крыніца: mostmedia.io, grodno-museum.by
Фота: allegro.pl