У панядзелак намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі, выступаючы на радыёстанцыі RMF FM, заявіў, што нягледзячы на неабходнасць працягу дзеянняў для вызвалення Анджэя Пачобута, верагоднасць поспеху гэтых намаганняў вельмі малая.
Намеснік кіраўніка МЗС быў запытаны на радыё RMF FM аб шанцах на вызваленне Пачобута. “Мы ўвесь час патрабуем яго вызвалення, але з іншага боку маем да чынення з бандыцкім, тэрарыстычным рэжымам”, – адказаў намеснік міністра.
Адказваючы на пытанне, ці можна “падкупіць” Беларусь нечым, ён сказаў, што “рабіліся розныя спробы, і ў некаторых, вельмі рэдкіх выпадках, удавалася дабіцца вызвалення польскіх грамадзян”. “Мы будзем прадаўжаць дзейнічаць”, – дадаў ён.
На пытанне аб кантактах з беларускімі ўладамі за межамі афіцыйных дыпламатычных каналаў ён растлумачыў, што “ў нас ёсць пэўныя каналы сувязі, але надзейнасць другога боку вельмі нізкая і яны выкарыстоўваюць і Анджэя Пачобута, і іншых зняволеных у якасці заложнікаў”. “Мы павінны змагацца i надалей, каб ён быў вызвалены, але на жаль гэта залежыць ад рэжыму, які знаходзіцца па іншы бок”, – дадаў ён.
На заўвагу аб тым, што вялікія і сталыя краіны маюць спосабы выцягнуць кагосьці з турмы, Яблонскі адказаў, што “грамадзяне многіх вялікіх і спелых дзяржаў таксама ўтрымліваюцца ў іншых краінах на працягу некалькіх гадоў”. “На жаль, ёсць такія краіны ў свеце, як Беларусь, Расія, якія выкарыстоўваюць гэта для вядзення сваёй палітыкі. Мы абсалютна не можам з гэтым змірыцца, мы павінны пастаянна дзейнічаць, каб гэта спыніць, каб ён быў вызвалены, але шанцы на гэта вельмі , вельмі нізкія”, – ацаніў ён.
Крыніца: rmf.fm