Горад Варшава кожны год уручае прэстыжную ўзнагароду імя Казімежа Мачарскага ў галіне гісторыі. Са 104 работ, прадстаўленых на конкурс, журы выбрала дзесяць фіналістаў. Сярод іх знайшлося выданне пад назвай «Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка на польскім Палессі да 1945 года», якое напісаў Славамір Лотыш, гісторык з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук.

Кніга «Пінскія балоты» з’яўляецца першай манаграфіяй па гісторыі міжваеннай Польшчы, свядома напісанай з экалагічнай перспектывы.

«Пра Палессе пісалі так, быццам яно нічым не адрознівалася ад іншых краёў. Аднак там усё выглядала па-іншаму — сена збіралі па калена ў балоце, гандлявалі наўпрост з лодкі на пінскім рынку, а цэнтральная частка Палесся на некалькі месяцаў у годзе ператваралася ва ўнутранае мора. Славамір Лотыш паспрабаваў перапісаць міжваенную гісторыю гэтай зямлі, узяўшы за пункт адліку паўсюдныя балоты…» – чытаем у анатацыі да кнігі.

Кнігу хваляць за тое, што, нягледзячы на яе навуковы характар, яна напісана жывой і багатай эсэістычнай мовай, дзякуючы чаму яна захоплівае чытача з першай да апошняй старонкі.

Прэмія імя Мачарскага – гэта адна з самых важных гістарычных прэмій краіны. Яна ушаноўвае памяць Казімежа Мачарскага, журналіста і юрыста, дэмакрата і салдата Арміі Краёвай, які пасля вайны 11 гадоў знаходзіўся ў зняволенні камуністамі. Ён быў аўтарам “Размоў з катам” – запісаў размоваў з Юргенам Штропам, ліквідатарам Варшаўскага гета, з якім ён дзяліў адну турэмную камеру ў варшаўскім раёне Макотаў.

Пераможца стане вядомы 26 лістапада. Ён атрымае каля 12 тысяч долараў грашовай узнагароды і статуэтку.

Крыніца: instytutksiazki.pl/universitas.com.pl

Фота: Twitter.com/RadioKrakow

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)