Намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава, які ехаў на матч жаночай зборнай Беларусі супраць зборнай Славеніі, які праходзіць у Венгрыі, не пусцілі ў Польшчу і анулявалі візу, піша Tribuna.com.
Як адзначае выданне, Базанаў не мог накіравацца разам з жаночай нацыянальнай камандай праз краіны Балтыі, бо з 20 лістапада 2020 года знаходзіцца ў санкцыйных спісах Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Прычыны адмовы ў праездзе на тэрыторыю Польшчы, а таксама анулявання візы невядомыя.
Раней Базанаў неаднаразова станавіўся фігурантам скандалаў, звязаных са спробамі наведвання краін Еўразвяза. У канцы 2021 года яго затрымала паліцыя ў Чэхіі. Тады чыноўніка выслалі на радзіму, а шэнгенскую візу анулявалі. Летась у жніўні яго разгарнулі на мяжы з Польшчай. А ў студзені 2023 года Базанава ўжо бачылі на шопінгу ў польскай Бяла-Падлясцы.
Базанаў – палкоўнік запасу, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У 2019-м яго прызначылі кіраўніком Беларускай федэрацыі футбола, і на гэтай пасадзе ён датычны да рэпрэсій у беларускім спорце.
Крыніца: tribuna.com
Fot. Youtube