Прапагандысцкі фільм “На другiм беразе” выйшаў на экраны 14 верасня, напярэдадні нядаўна ўстаноўленага рэжымам Дня нацыянальнага адзінства. У кастрычніку копія фільма пра “Заходнюю Беларусь пад уладай Польшчы” з’явілася ў сацыяльных сетках. Нядаўна, 7 лістапада, фільм транслявалі на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Аднак да гэтага ён з`явіўся на YouTube, адкуль быў выдалены праз некалькі дзён. Партал “Зеркало” атрымаў цікавую статыстыку праглядаў фільма ад аўтара канала, які апублікаваў яго на гэтай платформе.
У інтэрнэце гэты фільм упершыню з’явіўся ў групе “Аматары піва” ў падборцы “Класнае кіно пад піўко” у расійскaй сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Гэта адбылося ў пачатку кастрычніка, і на працягу месяца матэрыял сабраў 123 лайкі і 24 рэпоста. Усё паказвае на тое, што гэта была копія ад Міністэрства замежных спраў Беларусі – уверсе відэа быў вадзяны знак “МЗС РБ”, а ўнізе – англiйскія субцiтры.
Гэтае ж відэа было загружана на YouTube-канал “Ju Fard” у чацвер, 19 кастрычніка. Аж да выходных яно не карысталася папулярнасцю і набрала менш за 100 праглядаў. А пасля, як кажа аўтар канала, “пачалося”. У нядзелю, 22 кастрычніка, фільм паглядзелі амаль 8 тысяч разоў.
З’яўляліся і каментары. У іх поўны спектр эмоцый – ёсць прызнанні ў каханні да «Беларусі», усхваленне Лукашэнкі, негатыўныя адзнакі і сумневы карыстальнікаў сервісу ў рэальнасці людзей, якія хваляць фільм.
Да панядзелка, 23 кастрычніка, фільм паглядзелі 27 тысяч разоў, а пік быў праз два дні – тады за суткі было амаль 78 тысяч. Агульная колькасць праглядаў відэа – больш за 180 тысяч. Большасць гледачоў фільма (77%) глядзела яго адразу на YouTube – толькі каля тысячы праглядаў “прыйшлі” з пошукавіка “Яндэкс”, а таксама з месэнджараў Telegram і Viber.
Але хто яго глядзеў? У топ-3 – Расія, Украіна і Казахстан. Агулам гэта 68% праглядаў. На Беларусь прыпадае толькі 7,1 працэнта. Але беларусам, здаецца, было цікава больш за ўсіх. Таму яны ў сярэднім глядзелі 25 хвілін з амаль двухгадзіннага кіно – іншыя столькі не вытрымлівалі (карыстальнікаў з Расіі, напрыклад, хапала крыху больш чым на 18 хвілін).
Як распавёў аўтар канала, фільм пратрымаўся на YouTube амаль тыдзень: 27 кастрычніка відэа было выдаленае па запыце праваўладальніка – Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». А ўвечары 7 лістапада фiльм паказалі па тэлеканале “Беларусь 1”. З гэтай нагоды запісалі і невялікі каментар рэжысёра фільма, расіяніна Андрэя Хрулёва. “Веды гісторыі сваёй краіны перасцерагаюць ад памылак”, – лічыць ён, не ўдакладняючы, пра якую краіну гаворка.
Крыніца: zerkalo.io
Фота: tochka.by