Учора адбылося чарговае паседжанне працоўнай групы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы. Ад беларускага боку ўдзельнічалі дырэктар Дэпартамента юрыдычнай дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская і саветнік офіса Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі шэраг пытанняў, якія датычацца беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Першай важнай тэмай стала легалізацыя дзяцей грамадзян Беларусі, народжаных у Польшчы. Сем’і не могуць легалізаваць такіх дзяцей, бо ў іх няма дакументаў, якія пацвярджаюць беларускае грамадзянства. У МУС заявілі, што атрымоўваюць звароты па гэтай праблеме ад беларусаў і запэўнілі, што пытанне знаходзіцца ў прыярытэце.
Таксама абмяркоўваўся польскі праязны дакумент. Прадстаўнікі Беларусі прапанавалі прызнаваць праязны дакумент у якасці пасведчання асобы. У інтэрпрэтацыі гэтага пытання бакі дасягнулі згоды.
Беларускі бок прапанаваў павялічыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакумента. Цяпер гэта немагчыма зрабіць па тэхнічных прычынах, але працоўная група працягне абмеркаванне гэтага пытання на наступных сустрэчах.
Таксама было ўзнята пытанне аб атрыманні праязнога дакумента да заканчэння тэрміну дзеяння беларускага пашпарта. МУС абяцала абмеркаваць гэтае пытанне і даць адказ.
Яшчэ адна прапанова беларускага боку – падаўжэнне тэрміну падачы заяваў на выдачу польскага праязнога дакумента беларусам з часовым відам на жыхарства (акрамя выдадзенага на падставе гуманітарнай візы) пасля 31 снежня 2023 года. Гэтае пытанне паабяцалі вынесці на абмеркаванне з кампетэнтным міністрам.
Прадстаўнікі польскага МУС запэўнілі, што працоўная група будзе працягваць існаваць па-за палітычным фарматам на ўзроўні кансультацый і абмену экспертызай, што дазволіць распрацоўваць прафесійныя і практычныя рашэнні для паляпшэння становішча беларусаў у Польшчы.
Крыніца: t.me/cbs_help
Fot. belarusam.by