Прарасiйская і праўладная актывістка Вольга Бондарава змагаецца з каталікамі — ёй не спадабалася, што Віцебская дыяцэзія вырашыла зладзіць урачыстасці з нагоды 400-годдзя мучаніцкай смерці каталіцкага святога Язафата Кунцэвіча.

Бондарава напісала некалькі пастоў у сваім тэлеграме з гэтай нагоды, а таксама выслала данос упаўнаважанаму па справах рэлігій Аляксандру Румаку.

Але нечакана атрымала ад таго адмову.

«Паведамляем, што пытанні шанавання святых і кананізацыі вядомых гістарычных асобаў ставяцца выключна да кампетэнцыі пэўнай канфесіі, у дадзеным выпадку каталіцкай царквы».

Бондарову такі адказ не супакоіў. Яна адразу напісала яшчэ адзін ліст.

“Адносна “адказу не па сутнасці і пастаноўкі пытання” аб недапушчэнні правядзення конкурсу і мерапрыемстваў па праслаўленні І. Кунцэвіча “інфармуем, што ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” дзяржава не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яно не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі», – гаворыцца ў лісце за подпісам Румака.

Язафат Кунцэвіч – уніяцкі мітрапаліт, прызнаны Каталіцкім Касцёлам святым (1580–1623). Ён быў прыхільнікам аб’яднання хрысціян. Дзякуючы яго дзейнасці былі створаны новыя базыльянскія манастыры. Праславіўся як выдатны прапаведнік і арганізатар царкоўнага жыцця. Ён быў забіты ў Віцебску праваслаўнымі фанатыкамі, а яго цела было скінута ў Дзвіну. Каталіцкі касцёл абвясціў Кунцэвіча мучанікам, а ў 1867 г. ён быў кананізаваны.

Крыніца: nashaniva.com

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)