У верасні ў Беларусь прыбылі яшчэ два эшалоны з кампанентамі тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ), паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
15-24 верасня на беларускую чыгуначную станцыю Прудок з расійскіх станцый Чабаксары і Патаніна прыбылі 26 вагонаў. Яны былі нагружаныя як кампанентамі ТЯЗ, так і прызначаныя для перавозкі персаналу і суправаджэння.
Каля Прудка размяшчаецца 2631-я авіяцыйная база захоўвання ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў — вайсковая часць 94017.
Па звестках чыгуначнікаў, для ўтойвання перавозкі цягнікі ішлі праз стыкавы пункт Заольша, дзе праходзяць усяго два цягнікі ў суткі.
Груз на цягніках адносіцца да класа “выбуховыя матэрыялы” і пазначаны ў дакументах як “боепрыпасы іншыя для ваенных мэтаў” і “боепрыпасы, акрамя пайменаваных вышэй”.
Асноўным бенефіцыярам гэтых перавозак, паводле інфармацыі Супольнасці чыгуначнікаў, з’яўляецца беларуска-швейцарскае СТАА “ТРАНСРЭЙЛ — БЧ”. Пры дапамозе гэтай кампаніі ў Беларусь з траўня 2021 года па верасень 2023-га ўвезена 127 вагонаў з грузамі ваеннага прызначэння.
Пры гэтым маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” сцвярджае, што саміх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі на цяперашні момант няма.
Крыніца: euroradio.fm
Fot. railwayz.info