Эмілія Плятэр была асобай, якая ўвасабляла дух эпохі рамантызму. Яна ўвайшла ў гісторыю Польшчы як сімвал патрыятызму і барацьбы за незалежнасць дзякуючы сваёй гераічнай пазіцыі падчас Лістападаўскага паўстання. Менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш “Смерць палкоўніка”. Сёння, 13 лістапада, спаўняецца 217 гадоў з дня нараджэння польскай гераіні.

Эмілія Плятэр, якая нарадзілася ў 1806 годзе ў Вільні, паходзіла са шляхецкай сям’і з багатымі патрыятычнымі традыцыямі. Пасля расстання бацькоў яна пераехала жыць з маці ў маёнтак Ліксна недалёка ад Дзвiнска (сучасная Латвія), дзе вырасла разам з двума стрыечнымі братамі. У яе былі шырокія захапленні, уключаючы гісторыю і літаратуру, і яна атрымала ўсебаковую адукацыю, выяўляючы талент у пісанні вершаў, спеве і маляванні. Эмілія таксама была выдатнай наезніцай, трэніравалася ў фехтаванні і захаплялася паляваннем. Яе захапляла фігура Жаны д’Арк, Тадэвуша Касцюшкi і Ласкарыны Бабулінай, грэцкай гераінi барацьбы за незалежнасць, партрэт якой упрыгожваў пакой маладой Эміліі.

Эмілія Плятэр, аўтар Achille Devéria

Даведаўшыся аб выбуху Лістападаўскага паўстання ў Варшаве, яна стала заклікаць родных і блізкіх рыхтаваць паўстанне ў Літве і Беларусі.

29 сакавіка 1831 года Эмілія сабрала партызанскі атрад, які складаўся з 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькіх соцень сялян, узброеных косамі, і павяла іх у бой. Тады ёй было 24 гады. Яна таксама правяла некалькі пераможных сутыкненняў з рускімі. Нягледзячы на тое, што перавага ворага была занадта вялікая, каб правесці прамую атаку на Дзвінск, яе атрад, хоць і аслаблены, далучыўся да іншай паўстанцкай групы. У гэты час Эмілія заваявала сімпатыю і прызнанне сярод салдат. Ёй нават удалося атрымаць званне капітана – у той час гэта была самая высокая воінская ступень, якую магла атрымаць жанчына.

Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831 годзе, карціна Яна Розэна

Каб прадоўжыць барацьбу, яна вырашыла далучыцца да паўстанцкіх сіл, якія дзейнічалi ў наваколлях Варшавы. На працягу дзесяці дзён, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне і ў суправаджэнні свайго сваяка Цэзара Плятэра і спадарожніцы па барацьбе Марыі Рашановіч, яна спрабавала пераадолець лясы ў напрамку Каралеўства Польскага. Неўзабаве яна памерла, не вытрымаўшы цяжкасцяў падарожжа.

Яе імя ўвайшло ў легенды і было ўшанавана ў знакамітым вершы Адама Міцкевіча “Смерць палкоўніка”, а таксама ў шматлікіх творах іншых польскіх пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў. Многія вуліцы польскіх гарадоў носяць яе імя.

На падст. wikipedia.org, wrotapodlasia.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)