Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі далучыўся да святкавання Дня салідарнасці з Беларуссю, які прыпадае на 12 лістапада. Ён апублікаваў фота магілы Рамана Бандарэнкі ў трэцюю гадавіну яго смерці.
«Беларусы прагнуць мець свабодную радзіму. Іх кідаюць у турмы, яны шукаюць за мяжой прытулку ад пераследу альбо праз страх закрываюцца ў сабе. Некаторыя, як забіты 3 гады таму Раман Бандарэнка, аддалі жыццё за годнасць народа. Іх ахвяра не будзе дарэмнай», — напісаў Міхальскі па-беларуску ў сацсетцы X, дадаўшы да допісу тэг #StandWithBelarus.
Беларусы прагнуць мець свабодную радзіму. Іх кідаюць у турмы, яны шукаюць за мяжой прытулку ад пераследу альбо праз страх закрываюцца ў сабе. Некаторыя, як забіты 3 гады таму Раман Бандарэнка, аддалі жыццё за годнасць народа. Іх ахвяра не будзе дарэмнай. #StandWithBelarus pic.twitter.com/LHuPqrF4Su
— Artur Michalski (@michalski_artur) November 12, 2023
Раман Бандарэнка быў выкрадзены з Плошчы Перамен і жорстка збіты супрацоўнікамі службаў бяспекі 11 лістапада 2020 года. На наступны дзень ён памёр у бальніцы ад атрыманых траўм. Расследаванне яго забойства пачалося толькі праз тры месяцы пасля здарэння. У канчатковым выніку Генеральная пракуратура закрыла справу, заявіўшы, што немагчыма ўстанавіць асоб, адказных за яго смерць.
Смерць Рамана выклікала вялікае абурэнне сярод грамадзян Беларусі. Па ўсёй краіне былі арганізаваны акцыі ў памяць пра беларускага героя, а на Плошчы Перамен, месцы трагедыі, узнік спантанны мемарыял. 15 лістапада 2020 г. адбыўся марш памяці забітых, які быў жорстка падаўлены сіламі бяспекі. Праз некалькі гадзін быў таксама разбураны спантанны мемарыял у памяць аб Рамане.