У панядзелак 13 лістапада ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася жалобная святая Імша па памерлым ксяндзу каноніку Здзіславу Вэдэру SDB, які шмат гадоў быў пробашчам мясцовай парафii, а ў апошнія гады выконваў абавязкі вікарыя і настаяцеля манаскай супольнасці.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Жалобнае казанне прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. На ўрачыстасці прыбылі святары Смаргонскага і Астравецкага дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і Маладзечанскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ксёндз канонік Здзіслаў Вэдэр, шматгадовы і паважаны пробашч у Смаргоні, памёр на 87-м годзе жыцця ў суботу 11 лістапада.

Ксёндз Здзіслаў Вэдэр большую частку свайго жыцця прысвяціў святарскаму служэнню на Усходзе, пачынаючы з 1990 г. спрыяючы адраджэнню веры пасля многіх гадоў атэізму і ганенняў на Касцёл. На працягу 10 гадоў ён быў настаяцелем салезіянскай супольнасці ў былым Савецкім Саюзе, пераважна ў Маскве. У 2000 г. вярнуўся ў Польшчу, а з 2002 г. працаваў у Беларусі, выконваючы абавязкі пробашча ў парафіі ў Смаргоні.

«Вернікі смаргонскай парафіі, дзеці і моладзь ведаюць яго як святара з адкрытым сэрцам, які нясе Бога праз сваё сціплае служэнне ў пакоры і сумленнасці», — піша газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця».

«На падзячнай святой Імшы з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння кс. Здзіслава, сабраліся шматлікія вернікі са Смаргоншчыны, якой ён прысвяціў амаль 20 гадоў жыцця, а таксама салезіяне з усёй Беларусі».

Крыніца: wb24/grodnensis.by/misjesalezjanie.pl

Фота: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)