Учора быў арыштаваны кс. Генрых Акалатовіч, пробашч парафіі св. Юзафа ў Валожыне. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Затрыманне адбылося ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 356 КК РБ «Здрада дзяржаве». Санкцыя гэтага артыкула — ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Асаблiвую заклапочанасць выклiкае стан здароўя ксяндза Генрыха Акалатовіча – яму амаль 64 гады, ён перанёс інфаркт і нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем.

Нагадаем, у 2013 годзе па тым жа артыкуле «Здрада дзяржаве» быў абвінавачаны яшчэ адзін каталіцкі святар, ксёндз Уладзіслаў Лазар. Ён быў затрыманы ўлетку 2013 года і паўгода правёў у СІЗА КДБ. Пасля святара выпусцілі і справа не мела далейшага працягу. Пасля вызвалення з СІЗА служыць у Вілейцы.

Генрых Акалатовіч нарадзіўся ў Новай Мышы пад Баранавічамі ў 1960 годзе і знайшоў сваё пакліканне ў святарскім служэнні яшчэ ў часы савецкага атэізму. Яшчэ ў юнацтве вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Нядзведцы пад Ляхавічамі. Ён адслужыў вайсковую службу і атрымаў адукацыю чыгуначніка, але працягваў дабівацца ад уладаў права на афіцыйнае навучанне ў семінарыі. Высвяціў яго таемна біскуп Вінцэнтас Сладкявічус у 1984 годзе.

Генрых Акалатовіч служыў пробашчам у Браславе, Ракаве, Нясвіжы, Бабруйску. Ëн быў першым ксяндзом, які наведаў Катынь. Гэта было ў 1984 годзе, улады яго за гэта там затрымалі і аштрафавалі. Усяго Саветы штрафавалі яго каля 30 разоў. Яго родны брат Леанард таксама ксёндз.

Крыніца: nashaniva.com, t.me/christianvision

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (2 галасоў)