У вёсцы Вялікая Рагозніца на Гродзеншчыне быў адрэстаўраваны палац XVIII стагоддзя. Менавіта тут спыняўся апошні кароль Рэчы Паспалітай, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У тым жа маёнтку нарадзіўся граф Аляксандр Прушынскі, вядомы польскі грамадскі дзеяч і журналіст, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе.
Работы па рамонце сядзібы амаль скончаны. На чарзе рэканструкцыя гаспадарчай пабудовы і прысядзібнай тэрыторыі, дзе раней быў парк.
Сядзіба належыць муніцыпальнаму сельскагаспадарчаму унітарнаму прадпрыемству імя Адама Міцкевіча. Яно і правяло рамонт будынка.
“Мы правялі даволі істотны рамонт. Адрамантавалі фасад і дах, падабралі адпаведную каларыстыку. Таксама адрамантавалі ўязныя калоны. Яшчэ трэба адмостку зрабіць і прывесці ў належны выгляд будынак ля сядзібы. У даляглядзе ачысцім увесь участак, ёсць намер пасадзіць сад, пладовыя дрэвы. Дзякуючы рэнтабельнасці гаспадаркі ўсе работы вядзём за ўласныя сродкі», – сказаў дырэктар КСУП імя Адама Міцкевіча Уладзімір Пісарэвіч.
Камунальнае прадпрыемства, а раней калгас, носіць імя Адама Міцкевіча з моманту стварэння ў 1951 годзе. Гэта нетыпова, бо звычайна калгасы называлі ў гонар расiйскіх ці савецкіх герояў: напрыклад, калгас імя Суворава ці калгас «Шлях Леніна». Сёння былы калгас імкнецца быць у трэндах: мае сучасны сайт і нават вядзе TikTok.

Аляксандр Прушынскі (fot.racyja.com)
У будынку сядзібы знаходзіўся пакой, званы “каралеўскім”: калісьці ў ім жыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1934 годзе ў гэтым маёнтку нарадзіўся граф Прушынскі, выбітны польскі грамадскі дзеяч і журналіст. Вось як ён апісваў свой вiзiт праз шмат гадоў у радавым маёнтку:
«У кожнага ёсць свой родны дом, і калі ён вялікі, то ў яго тым больш хочацца вярнуцца. Першы раз я быў дома праз 29 гадоў пасля ад’езду, у 1970 годзе. Маёмасць забрала дзяржава, цяпер там калгас. Тлумачу дырэктару, хто я. І ён запрашае мяне ўвайсці, але праз кухонныя дзверы. І я сказаў яму, што не магу ўвайсцi ў свой палац праз кухню, толькi праз парадную. Я падышоў, стаў на калені, пацалаваў першую прыступку свайго дома…»
Kрыніца: wb24.org, hrodna.life, wikipedia.org, goniec.net
Галоўнае фота: zviazda.by