Сёння адна з самых сумных гадавінаў у гісторыі палякаў у Беларусі. Роўна 62 гады таму, 29 лістапада 1961 года, у Гродне група сапёраў, дасланая з тагачаснага Ленінграда, узарвала касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны, таксама вядомы як Фара Вітаўта.
Драўляны касцёл, заснаваны князем Вітаўтам, які з’яўляўся найстарэйшым каталіцкім храмам у Гродне, неаднаразова станавіўся ахвярай пажараў, але заўсёды аднаўляўся, у тым ліку пры праўленні Аляксандра Ягелончыка. У 1551 годзе каралева Бона заснавала пры ім каменную лякарню Святога Духа.
Кароль Стэфан Баторый у 1584-1587 гадах даручыў пабудаваць новы, каменны касцёл у стылі постготыкі-маньерызму па праекце Антоніа Грэпі і Ёзэфа Ройтэна. Пасля пабудовы новага касцёла старая драўляная святыня была разабрана.
Храм неаднаразова разбураўся і аднаўляўся, у тым ліку быў спалены падчас маскоўскага нашэсця ў 1654-1659 гадах і разбураны ў выніку пажару ў 1782 годзе. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у 1804 годзе, яго адабралі ў каталікоў і ператварылі ў праваслаўны сабор.
У 1919 годзе касцёл вярнулі каталікам. Ад гэтага часу ён служыў як гарнізонны касцёл. Пасля пажару ў 1920 годзе першыя адаптацыйныя працы, праведзеныя Вільгельмам Хеннебергам, былі нездавальняючымі, таму ў 1930 годзе варшаўскі архітэктар Оскар Сасноўскі спраектаваў наступную рэканструкцыю, якая была рэалізавана да 1936 года, часткова вяртаючы гатычны характар храма.
Падчас Другой сусветнай вайны ў 1941 годзе нямецкая бомба пашкодзіла дах і вокны, што прывяло да пераносу арганаў у езуіцкі касцёл.
Пасля заканчэння вайны савецкія ўлады адабралі касцёл у вернікаў, а потым ператварылі яго ў склад, што прывяло да яго паступовага разбурэння. У сакавіку 1961 года ўлады Гродна сумесна з мясцовым партыйным камітэтам прынялі рашэнне аб зносе касцёла. Быў распрацаваны план выбуху будынка шляхам падкладвання выбуховых рэчываў. Для гэтай мэты была прыцягнута група сапёраў з Ленінграда.
У дзень правядзення дэтанацыі ўсіх жыхароў найбліжэйшых вуліц эвакуіравалі. На бліжэйшых вуліцах было выстаўлена некалькі браневікоў. Вернікі плакалі. Пасля ўстаноўкі выбухоўкі і падрыхтоўкі быў дадзены сігнал, і раздаўся шэраг раўнамерных дэтанацый, пасля чаго касцёл “сам сябе паглынуў”. Гісторыя, якая налічвае амаль 600 гадоў, ператварылася ў руіны.
На падст. kurierwilenski.lt, wikipedia.org, magazynpolski.wid.org.pl