Міністэрства замежных спраў Польшчы выпусціла заяву наконт масавых ператрусаў у людзей, звязаных з апазіцыйнай Каaрдынацыйнай Радай. Дыпламатычнае ведамства заявіла, што змена палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі магчымая толькі ў выпадку вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій.

МЗС Польшчы зазначыла, што ператрусы прадстаўляюць акт стратэгіі па поўным падаўленні дэмакратыі ў Беларусі.

«Апошняя хваля масавых ператрусаў, адабранняў маёмасці, допытаў і затрыманняў відавочна накіравана супраць эмігранцкіх палітычных эліт і створаных імі інстытутаў. Незаконныя дзеянні рэжыму ў дачыненні да апазіцыйных палітыкаў, а таксама ў адносінах да блізкіх да іх людзей пацвярджаюць яго бязлітасны і жорсткі характар. Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой чарговы акт бязлітаснай стратэгіі па поўным прыгнечанні дэмакратыі ў Беларусі», – гаворыцца ў заяве.

Польскае МЗС нагадала, што тысячы людзей былі адпраўленыя ў турмы пасля выбараў 2020 года, не менш за 1500 палітычных зняволеных застаюцца ў турмах, пераследы становяцца ўсё больш маштабнымі і накіраваныя таксама супраць духавенства.

“Узмацняючы палітыку канфрантацыі з уласным грамадзтвам, рэжым дэманструе страх і бездапаможнасць перад нязгодай беларусаў з дыктатурай і выяўленай імі воляй да дэмакратычных пераменаў. Нагнятанне атмасферы страху і ўціхамірванне ўсіх праяваў свабоды – гэта шлях, які вядзе да далейшай ізаляцыі і дэлегітымiзацыі ўлады ў Мінску і, як следства, да далейшага сур’ёзнага паслаблення суверэнітэту беларускай дзяржавы», – адзначае МЗС Польшчы.

Польшча заяўляе, што толькі вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне рэпрэсій можа змяніць палітыку Варшавы ў адносінах да Мінска.

«Мы працягваем заклікаць улады ў Мінску вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі супраць уласнага грамадства. Толькі такія дзеянні могуць прывесці да змены палітыкі Рэспублікі Польшча і сям’і дэмакратычных дзяржаў у дачыненні да Беларусі», – заяўляе МЗС Польшчы.

Крыніца: gov.pl/reform.by

Fot. gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)