На выездзе з Гродна ў напрамку Польшчы на дарожных знаках заклеілі назвы мясцін, запісаныя лацінкай. Засталіся толькі надпісы на беларускай мове. Назвы польскіх населеных пунктаў таксама запісаны выключна кірыліцай.
Аб зменах паведамілі чытачы сайта Most. Прыбраць лацінку з указальнікаў вуліц і знакаў у Беларусі вырашылі да канца 2023 года. Гэта было даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Замест лацінкі ў назвах вуліц і тапаграфічных аб’ектаў вырашылі выкарыстоўваць толькі дзяржаўныя мовы ў кірылічным запісе – беларускую і рускую.
У жніўні 2022 года праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава патрабавала прыбраць назвы гарадскіх аб’ектаў лацінкай. «Разам абаронім краіну ад калабарацыяністаў!», – заклікала яна. А ўжо ў красавіку 2023 года ў Беларусі заканадаўча забаранілі выкарыстоўваць лацінку ў геаграфічных назвах. Прычынай назвалі ўмацаванне гісторыка-культурнай супольнасці беларускага народа і недапушчэнне прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцей.
Крыніца: mostmedia.io
Fot. mostmedia