Рашэнне аб перайменаванні гімназіі ў Свіслачы, якая да гэтага насіла імя аднаго з лідараў паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве, было прынятае 1 снежня. Як паведамляе незалежная газета “Наша Ніва”, на дадзены момант не было выпушчана ніякага афіцыйнага паведамлення аб змене назвы гэтай навучальнай установы.

Зараз сярэдняя школа перайменавана ў гонар савецкай падпольшчыцы Праскоўі Васіленка. Падчас Другой сусветнай вайны дзяўчына працавала ў нямецкай сталовай, дзе брала ежу для партызан і ім жа перадавала пачутую інфармацыю аб нямецкiх акупантах. У 1943 годзе за сувязь з партызанамі Васіленка павесілі. Школьны музей зараз “знаходзіцца на рэканструкцыі” і ў ім ужо не будзе нічога пра Каліноўскага, які вучыўся ў Свіслачы. Гімназія была названая ў гонар Кастуся Каліноўскага яшчэ ў савецкія часы (тады яна яшчэ была школай).

Аб перайменаванні паведаміла прарасійская прапагандыстка Вольга Бондарава.

Як піша “Наша ніва”, у аддзеле адукацыі Свіслацкага райвыканкама на пытанне аб прычынах перайменавання гімназіі адказалі, што “асоба Каліноўскага на сённяшні дзень не з’яўляецца такой папулярнай, таму і прынялі такое рашэнне”. Яно было падтрымана ў Гродне і Мінску. Чыноўнікі кажуць, што прыярытэт пры наданні новага імя цяпер у герояў Вялікай Айчыннай вайны.

У апошнія гады прапаганда рэжыму Лукашэнкі разам з расійскімі прапагандыстамі актыўна ўключылася ў барацьбу з «міфам Каліноўскага, створаным савецкай гістарыяграфіяй». Прапаганда шалее ад таго, што ва Украіне шануюць памяць аб Каліноўскім, што яго імя носіць беларускае падраздзяленне, якое змагаецца супраць расійскіх акупантаў.

Крыніца: nashaniva.com

Фота: wikimedia commons

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (2 галасоў)