Спікер польскага Сейма, Шымон Галоўня, абавязаўся прыняць усе неабходныя крокі для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых асоб, якія былі несправядліва асуджаныя рэжымам Лукашэнкі. У сваім адказе на заклік Рады Польскіх Медыяў па справе журналіста, Галоўня падкрэсліў, што “ўсведамляе маштаб рэпрэсій, якія прымяняюцца беларускім рэжымам супраць журналістак і журналістаў, якія, рызыкуючы жыццём, змагаюцца за незалежныя і свабодныя СМІ”.

У лісце ад 6 снежня ён таксама выказаў сваю занепакоенасць адносна сітуацыі польскай меншасці ў Беларусі і стану свабоды слова, указаўшы на Пачобута як сімвал барацьбы за праўду, а таксама за правы польскай меншасці.

“Як спікер Сейма Рэспублікі Польшча, я зраблю ўсе неабходныя крокі для абароны Анджэя Пачобута і іншых арыштаваных, каб вярнуць ім свабоду”, – запэўніў ён.

23 лістапада Рада Польскіх Медыяў, якая аб’ядноўвае галоўных рэдактараў вядучых польскіх СМІ, прыняла рэзалюцыю ў абарону журналістаў, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах.

“Рада Польскіх Медыяў заклікае спікераў Сейма і Сената прыняць меры на ўсіх магчымых узроўнях, уключаючы працу ў міжнародных арганізацыях і на пляцоўках Еўрапейскага Саюза, з мэтай вызвалення Анджэя Пачобута і іншых журналістаў польскіх СМІ, асуджаных на тэрыторыі Беларусі на турэмныя тэрміны” – гаворыцца ў рэзалюцыі Рады.

“Няма свабоды без свабодных СМІ. Няма свабоднай Беларусі без журналістаў, якія працуюць без страху за сваё жыццё і здароўе. Рада Польскіх Медыяў выказвае захапленне і павагу ўсім журналістам, якія працуюць у Беларусі ў вельмі цяжкіх умовах рэпрэсіўнай дзяржавы” – дададзена.

Крыніца: wb24.org/sejm.gov.pl/radamediow.pl

Фота: YouTube

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)